Трывожная дарожная. Актуальнае інтэрв’ю з начальнікам Ляхавіцкага РАУС

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК, начальнік РАУС:

Вадзіцель не справіўся з кіраваннем, і машына вылецела на сустрэчку… У ДТЗ загінуў пешаход… Аўтамабіль збіў веласіпедыста… За руль сеў нецвярозы, пазбаўлены правоў… Міліцэйскія зводкі «малююць» трывожную дарожную сітуацыю. На жаль, такая склалася ў тым ліку і ў нашым раёне. Пра тое, якія меры неабходна прыняць, і хто дапаможа міліцыі ў барацьбе з парушальнікамі правілаў дарожнага руху, – у размове з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэем СТУДЗЯНІЧНІКАМ.

Пра прычыны  і статыстыку
– Андрэй Леанідавіч, давайце пачнём са статыстыкі і прычын, якія правакуюць ДТЗ.
– Статыстыка несуцяшальная. Сёлета за 10 месяцаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці адбылося 413 дарожна-транспартных здарэнняў – і гэта другое месца ў краіне пасля Міншчыны. У аварыях загінулі 67 чалавек (васьмёра дзяцей), 448 атрымалі траўмы.
Што тычыцца Ляхавіцкага раёна, то з пачатку года ў нас зарэгістравана 4007 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Вынік дзесяці ДТЗ – пяцёра загінуўшых і васьмёра траўмаваных. Пры тым, што за аналагічны перыяд мінулага года пацярпелых у дарожных аварыях не было. Летась за гэты час не было дарожных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. Сёлета напрыканцы мая ноччу фура збіла 17-гадовага юнака, які загінуў.
Дарэчы, пераважная большасць парушэнняў ПДР адбылася на аўтадарозе Баранавічы-Ляхавічы (1320, з якіх 864 – перавышэнне скорасці).
Менавіта незахаванне скорасных рэжымаў – сярод асноўных прычын сёлетніх ДТЗ, яшчэ – выезд на паласу сустрэчнага руху, парушэнне правілаў праезду скрыжаванняў, няўважлівасць пешаходаў. Так, напачатку лютага каля Адахаўшчыны вадзіцель не выбраў бяспечную скорасць, не ўлічыў умовы надвор’я, не справіўся з кіраваннем, яго аўтамабіль з’ехаў у кювет і перакуліўся, пасажыры атрымалі траўмы. Смерцю пасажыра закончылася сакавіцкая аварыя, якая здарылася каля Дарава: вадзіцель не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтацягніком.
У лістападзе два ДТЗ былі са смяротным зыходам: загінулі пешаход і веласіпедыст.
– Вялікі рэзананс выклікаюць «п’яныя» аварыі…
– Пэўная частка ДТЗ адбываецца з-за таго, што вадзіцель ці пешаход або абодва знаходзяцца ў нецвярозым стане. Адна справа, калі пацярпела толькі тэхніка, зусім іншая, калі гінуць людзі. Даволі часта пасля такіх здарэнняў медагляд паказвае ў крыві ўдзельнікаў аварыі наяўнасць алкаголю. «П’яная» аварыя адбылася вечарам 6 лістапада ў аграгарадку Падлессе. Аўтамабіль «Фальксваген-Пасат» наехаў на 59-гадовую веласіпедыстку. Ад атрыманых траўмаў жанчына памерла. Вадзіцель з месца ДТЗ уцёк, але ў выніку аб’яўленага плана «Перахват» быў затрыманы – гэта таксама жыхар Падлесся, 1989 года нараджэння. Пасля затрымання ў яго крыві выяўлена 2,7 праміле алкаголю.
З пачатку года супрацоўнікі АДАІ да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 380 п’яных удзельнікаў дарожнага руху, з іх 42 вадзіцеля, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, прычым тры – паўторна на працягу года. П’яны за рулём – да бяды. На тэрыторыі раёна будуць узмацняцца мерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзіцеляў.
Калі вы ўбачылі, што за рулём знаходзіцца чалавек у стане ап’янення, варта неадкладна паведаміць пра гэта ў дзяжурную часць РАУС па тэлефонах 2-48-37 або 102.
Магчыма, менавіта ваш званок дапаможа прадухіліць трагедыю.
– Пераважная большасць аварый у нашым раёне адбываецца на дарогах рэспубліканскага значэння Баранавічы-Ляхавічы і Крычаў-Слуцк-Івацэвічы.
– Так, становішча на гэтых дарогах найбольш складанае. Няпрос- тае яно і на аўтадарозе Клецк-Ляхавічы. І сёлета тут зарэгістраваны ДТЗ са смяротным зыходам. Таму ўзмацнілі патруляванне. Дарэчы, дзяжурства на гэтых участках нясуць супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі не толькі Ляхавіцкага РАУС.
– Ці ўплывае сезоннасць на сітуацыю на дарогах?
– У пэўнай ступені. З вясны да позняй восені значна ўзрастае папулярнасць двухколых транспартных сродкаў: веласіпедаў, мапедаў, матацыклаў. Адпаведна, павялічваецца і колькасць ДТЗ з іх удзелам. Што тычыцца дзён тыдня, то найбольш аварыйная – пятніца (адбылося 5 ДТЗ), а самы небяспечны час сутак – вечар.

Веласіпедна-пешаходны фактар
– Андрэй Леанідавіч, прадоўжым тэму двухколага транспарту. Наколькі частыя аварыі з удзелам веласіпедыстаў і матацыклістаў?
– Сёлета ў Ляхавіцкім раёне пад коламі аўтамабіля загінулі два веласіпедысты. 8 лістапада напачатку восьмай гадзіны вечара на аўтадарозе Баранавічы-Асіповічы ў раёне вёскі Адахаўшчына інамарка збіла веласіпедыста, які не спешыўся і перасякаў праезную частку. Вясковец 1966 г.н. быў дастаўлены ў гарадскую бальніцу г. Баранавічы, дзе ад атрыманых траўмаў памёр. За рулём машыны знаходзілася 21-гадовая жыхарка нашага раёна. Устаноўлена, што вадзіцель была цвярозая. Двухколы транспарт вяскоўца быў абазначаны толькі адным катафотам на заднім балотніку. Як высветлілася, мужчына неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Прычыны большасці здарэнняў – незахаванне элементарных правілаў бяспечных паводзін на дарозе і адсутнасць узаемаветлівасці і ўзаемапавагі паміж удзельнікамі дарожнага руху. Многіх трагедый можна было б пазбегнуць, калі б усе веласіпеды былі абсталяваны ліхтарамі белага колеру спераду і чырвонага ззаду, а веласіпедысты апраналі камізэлькі павышанай бачнасці ці са святлоадбівальнымі элементамі.
Асобная размова – матацыклісты. Некаторыя з іх сталі сапраўднай праблемай для гараджан. І гэта не толькі пра парушэнне скорасных рэжымаў, але і пра ўзровень шуму ад іх язды, асабліва ў вячэрні і нават начны час. Сёлета аварый з іх удзелам у нашым раёне не зарэгістравана. Але гэта не падстава расслабляцца. Матацыкл – тэхніка скорасная, але малаўстойлівая. Прычым і вадзіцель, і пасажыр практычна не абаронены, што шматразова павялічвае цяжар наступстваў пры ДТЗ.
Многія забываюцца, што выкарыстанне моташлема напалову змяншае колькасць цяжкіх і смяротных траўмаў. Дарэчы, гэтая тэхніка павінна быць абавязкова зарэгістравана.
Кіраванне матацыклам без пасведчання на права кіравання транспартным сродкам катэгорыі «А» (як і перадача кіравання такой асобе) не толькі небяспечнае, але можа стаць даволі затратным: штраф за такое парушэнне складае ад 5 да 20 базавых велічынь, а за паўторнае на працягу года – ад 20 да 50 БВ.
– Наколькі часта парушальнікамі становяцца пешаходы?
– З пачатку года на тэрыторыі раёна супрацоўнікі міліцыі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 1088 пешаходаў, 733 з іх не мелі пры сабе святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак, 338 былі нецвярозымі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 16 вадзіцеляў, якія не прадаставілі пераваг пешаходам, што рухаліся па «зебры». Зарэгістраваны тры ДТЗ, два з іх з удзелам пешаходаў. Гэтыя ўдзельнікі дарожнага руху не былі аба-значаны флікерамі. Між тым, абазначыць сябе ў цёмны час сутак – значыць засцерагчыся ад непрыемнасцяў на дарозе. На карысць дарожнай бяспе-кі – перанос пешаходных пераходаў у больш зручнае месца. Так па прапанове «ЛВ» перанесены два пешаходныя пераходы на вуліцы 17 Верасня.

Папярэдзіць!
– Што і хто працуе на прафілактыку?
– Сітуацыя на дарогах – на пастаянным кантролі раённай улады. Стан дарожнай бяспекі абмяркоўваецца на пасяджэннях райвыканкама, апаратных нарадах у старшыні райвыканкама, сесіях райсавета.
На жаль, аналіз дарожнай сітуацыі за апошні час паказвае, што ў параўнанні з мінулым годам яна пагоршылася. Значыць, прымаемых міліцыяй мер па барацьбе з парушальнікамі правілаў дарожнага руху недастаткова.
Акцыі, спецыяльныя комплексы мерапрыемстваў, выступленні ў працоўных калектывах, установах адукацыі, у раённай газеце – усё гэта, безумоўна, працуе на прафілактыку.
Разам з установамі адукацыі, БРСМ займаемся папулярызацыяй святлоадбівальных элементаў. На асаблівым кантролі і тэхнічны нагляд за транспартнымі сродкамі: сёлета па выніках 22 планавых абследаванняў выдадзена 23 прадпісанні. Да адміністрацыйнай адказнасці за выпуск да ўдзелу ў дарожным руху няспраўнай тэхнікі прыцягнуты 28 службовых асоб. Больш пільны кантроль у прадпрыемствах павінен быць і за выпускам транспарту ў рэйсы.
– Андрэй Леанідавіч, што неабходна зрабіць, каб на дарогах стала спакайней, а колькасць здарэнняў зменшылася?
– Хачу звярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасць: негатыўную ролю ў сітуацыі з ДТЗ адыгрывае і дрэнны стан дарожнага пакрыцця, за што прыцягваюцца да адказнасці службовыя асобы дарожна-эксплуатацыйных арганізацый. Так, адказны за эксплуатацыю дарог майстар ДЭУ-24 не арганізаваў своечасовую ачыстку дарожнага ўчастка ад снегу, што прывяло да ДТЗ. Складзены адміністрацыйны пратакол. Адміністрацыйную адказнасць панёс начальнік участка камунгаса за парушэнне правілаў утрымання дарогі: з-за адкрытага каналізацыйнага люка на вуліцы Чкалава ў райцэнтры быў пашкоджаны аўтамабіль.
На дарожных службах – абавязак забяспечыць кантроль за станам пакрыцця праезнай часткі, своечасова ўхіляць дэфекты, якія могуць прывесці да надзвычайнай дарожнай сітуацыі. Немалую ролю таксама маюць стан вулічнага асвятлення, нанясенне дарожнай разметкі.
Лічу, што неабходна актывізаваць работу камісій па бяспецы дарожнага руху. Кіраўнікі прадпрыемстваў і іншыя адказныя за тэхніку бяспекі прадпрыемстваў, у тым ліку сельгас-арганізацый, павінны паклапаціцца, каб транспартныя сродкі былі абсталяваны праблісковымі маячкамі, а на спецадзенні работнікаў абавязковыя святлоадбівальныя элементы.
Адна з першачарговых задач, пастаўленых на бліжэйшую перспек- тыву, выканана: на аўтадарозе Баранавічы-Ляхавічы, дзе адбываецца найбольш ДТЗ, дадаткова ўстаноўлены пастаянныя камеры назірання.
Міліцыя яшчэ больш узмацняе прафілактычную работу і робіць акцэнт на актыўнае ўзаемадзеянне з іншымі зацікаўленымі службамі. Задача ў нас адна: не дапусціць росту аварый і трымаць дарогу пад кантролем.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *