Ваша светласць, ці Уключыце ілюмінацыю

Пра тое, што цемната – сябар моладзі, жартуюць даўно. Ну і няхай сабе жартуюць. Дасціпнічаць можна колькі заўгодна, толькі я пра іншае: яўна выспела цьмяная праблема, якую неабходна тэрмінова ўбачыць, вырашыць і ліквідаваць. Гаворка пра цемнату, яна ж цемра, яна ж цьмянасць, яна ж «хоць вока выкалі». Надзвычай відавочная перашкода зручнасці, такі антыкамфорт у дачыненні населеных пунктаў раёна асабліва цяпер, у каардынатах пралангаванага вечара. Канец лістапада, снежань, студзень ды і люты безлімітна падаўжаюць вячэрні час. Ідзеш з работы дамоў – лічы, праменад у абдымках ночы, хаця на гадзінніку – 18.00.
Хацелася б, каб няхай не так феерычна, як у Мінску ці Брэсце, але ж ярка і не небяспечна было шпацыраваць па вячэрніх вулачках нашага райцэнтра, нашых аграгарадкоў і вёсак. Але ж… Не гарыць лямпачка на ліхтары, а на дарозе выбоіна ці апушчаны «ніжэй плінтуса» люк – вось табе і аварыйная сітуацыя для пешахода. Усе перадумовы і ўмовы для падзення, якое ў лепшым выпадку закончыцца сіняком, а зусім не пашанцуе – то і пераломам. Гэта наконт камфорту і бяспекі, што, зразумела, з’яўляецца першапачатковым заўсёды і паўсюдна.
Але ёсць і яшчэ адзін складнік, які не менш актыўна «агітуе» за паўнацэннае вулічнае асвятленне, прычым пажадана з творчым падыходам да яго афармлення, – эстэтычны. Ён уплывае і на настрой людзей, і на імідж населенага пункта, ягоныя дагледжанасць і прыгажосць. Патлумачу.
Запалілі ў скверыку ля фантана дэкаратыўныя аркі – і так імянінна на душы стала. Прадчуванне радасці, прадчуванне свята. Ды яшчэ калі ўлічыць, што да Новага года і Каляд зусім блізка, гэта абноўка вельмі ў масць. Дзякуй камунальнікам за маленькі фрагмент светласці.
Толькі вось малавата, толькі вось сціплавата, толькі вось сумнавата па прычыне адзінкавасці такога прыкладу. Снежань (а да яго пару дзён застаецца) павінен па сваім каляндарным размяшчэнні, як мінімум, блішчаць ад ілюмінацыі, таму што прыгожа, таму што чакаем, таму што перадсвяточнаму марафону пасуе адпаведнае аздабленне. А потым студзень з пералікам навагоддзяў па ўсіх стылях і традыцыях, за ім люты, які таксама прэтэндуе на яркасць…
Не будзем пакуль зазіраць далей, але ў працяглых абдымках зімы так дарэчы папрасіць не ў чароўнай палачкі, не ў залатой рыбкі, не ў феі, а ў канкрэтных людзей: уключыце, калі ласка, паўночнае ззянне, шаноўныя кіраўнікі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, адказныя асобы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі! Чаму вы? Ды пытанне рытарычнае. А хто, калі не вы, лёгка і проста, без лішніх цырымоній гэта хуценька вырашыць росчыркам пяра пад уласным загадам і вуснай просьбай да сваіх падначаленых. Дзе? Маюцца на ўвазе офісы і вытворчыя памяшканні, тэрыторыя ля іх – усё тое, што называецца родным горадам ці вёскай. Усе без выключэння магазіны, кіёскі, павільёны, прадпрыемствы і пункты сэрвісу, грамадскага харчавання, сацкультбыту… Нават дрэвы не супраць упрыгажэнняў і «дах не з’едзе» ад устаноўленай на ім кароны…
Трэба толькі захацець – і атрымаецца зазіхацець. Жыццярадасна, ярка, непаўторна. Чаму б не выступіць у ролі Дзеда Мароза і не зрабіць такі падарунак землякам ужо сёння, праграмуючы як мінімум станоўчыя эмоцыі і добры настрой ад сузірання арыгінальнага віншавання мовай ілюмінацыі?! Гэта вы можаце, гэта вам па сілах і па сродках, шаноўныя адказныя асобы. Падрыхтоўка да свята заўсёды мае на ўвазе пэўныя траты-затраты. Такім чынам, наша светласць залежыць ад вашай светласці… Уключайце творчасць, а разам з ёю і паўночнае ззянне над Ляхавіччынай, рукастваральнае, надзвычай жаданае і чаканае, а яшчэ такое дарэчнае, як пах мандарынаў і хвоі ў навагодне-калядным чарадзействе.
…Усё залежыць ад канкрэтных людзей, нават калі гаворка пра цуды-цудныя. Візаж, макіяж, антураж – прыгажэй, горад наш! Тым больш, што конкурс на лепшае навагодняе афармленне ніхто не адмяняў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *