Ляхавічы: вечар сустрэчы кавід адмяняе

Першая субота лютага даўно стала сімвалам сустрэчы з любімай школай, аднакласнікамі, настаўнікамі.

Па слаўнай добрай традыцыі з году ў год менавіта ў гэты дзень школы напаўняліся той непаўторнай атмасферай вяртання ў дзяцінства і юнацтва, шчырых слоў, цёплых абдымкаў і мноства ўспамінаў. Але і ў гэту, здавалася б, непарушную, штогадовую падзею ўмяшаўся непрадказальны каранавірус. Летась многія ўстановы адукацыі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, звязанай з COVID-19, адмянялі правя-дзенне вечароў сустрэч. Што будзе сёлета?
За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў аддзел па адукацыі райвыканкама.
– Яшчэ некалькі тыдняў назад планавалі арганізацыю вечароў сустрэч у навучальных установах раёна. Школы вельмі рыхтаваліся да гэтых мерапрыемстваў. Аднак, у сувязі з тым, што наступіла чарговая хваля каранавіруса, акрамя таго, назіраецца сезонны ўсплёск вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку сярод школьнікаў і педагогаў, а таксама згодна з рэкамендацыямі Міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі, абмежавана правядзенне масавых мерапрыемстваў у навучальных установах. Так што прынята рашэнне ва ўсіх школах раёна сёлета адмяніць правядзенне вечароў сустрэч, – пракаменціравала сітуацыю начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.
Канешне ж, шкада, што не ўдасца хоць на некалькі гадзін нам, дарослым, вярнуцца ў тую бесклапотную школьную пару. Але ж здароўе даражэй.
Галіна КАНЬКО.