ЗАТ «Белпрампрыбор». Дойка па «экстранным» графіку

На малочнай прасторы Ляхавіччыны гэта гаспадарка, безумоўна, адзін з самых яркіх і паспяховых прадстаўнікоў. Сёння на фермах ЗАТ «Белпрампрыбор» штодзень ад кожнай каровы дояць больш за 24 кілаграмы малака, а ў «Бенькаўцах», дзе фермай загадвае Надзея Патапчык, і ўвогуле  27 кілаграмаў. На перапрацоўку адпраўляецца сырадой  выключна гатунку экстра.

Супернаварочаных комплексаў не маюць, статак, можна сказаць, невялікі – 785 галоў, затое належным чынам дагледжаны і добра накормлены. Са сваіх поспехаў сакрэту не робяць: кармоў тут удосталь – пажыўных і высокай якасці, ды і працаўнікі да справы падыходзяць добрасумленна, душой хварэюць за агульны вынік.
Сёлета «Белпрампрыбор» да зімовага ўтрымання БРЖ назапасіў травяных кармоў 49,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – дзякуючы ўраджаю кукурузы, плюс да нябеднага мінулага года атрымаўся істотны. На кармавым стале «белпрампрыбораўскіх» рагуль будуць розныя віды сіласу (тут, дарэчы, па-ранейшаму практыкуюць метад нарыхтоўкі кармоў у поліэтыленавым рукаве) – кукурузны, жамерыны, карнаж – усяго 21122 тоны. Назапасілі і сенажу з траў, зернесенажу.
Да такой сітуацыі прыклалі сілы і старанне і агранамічная служба на чале з Віктарам Канецпольскім (на здымку), і заатэхнічная пад кіраўніцтвам Ігара Манылы, і, канешне, механізатары, асабліва вылучыліся Аляксандр Дубіна і Аляксей Кулак.
Цяпер справа за жывёлаводамі. У іх намеснік дырэктара ЗАТ Андрэй Вараб’ёў таксама ўпэўнены. Як, дарэчы, і ў работніках іншых падраздзяленняў. А на ўзаемнай павазе і даверы грунтуецца любы поспех.