«Цэнтральны» падыход. Сёлета ўладальнікам традыцыйнага прыза «ЛВ», які раёнка ўручыла на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня прафесійнага свята сельгасвытворчасцяў, стала МТФ «Цэнтр»

У гэту камандзіроўку «веснікаўцы» адпраўляліся з асаблівым настроем і інтарэсам. І адрас добра вядомы, і маршрут не новы, але ўсё ж хваляванне прысутнічала: спяшаліся ў калектыў, што стаў адзінаццатым па ліку ўладальнікам спецыяльнага прыза «Ляхавіцкага весніка», які раёнка традыцыйна ўручыла на ўрачыстасцях з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Пункт следавання – малочнатаварная ферма «Цэнтр» ДП «Нача».

– Тут шчыруюць добрасумленныя, надзейныя людзі. Калектыў дружны, працавіты, не лічыцца з уласным часам, і за жывёлай догляд належны. Адсюль і вынік: у сярэднім надой ад кожнай каровы ў дзень 19 кілаграмаў малака – на паўтара больш, чым летась. Усё малако прадаём на перапрацоўку гатункам экстра, – дае ацэнку рабоце «Цэнтра» намеснік дырэктара ДП «Нача» Галіна Рамейка.
Начаўская ферма – адна з раённых лідараў. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Георгій Сяргейчык задаволены: сёлета за 11 месяцаў ад кожнай тутэйшай рагулі атрымалі ў сярэднім 6314 кілаграмаў малака (леташні паказчык – 6132 кілаграмы). Запасліся кармамі: нарыхтавалі 32,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – зноў больш, чым ў мінулым годзе. Са знакам плюс і прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы.
– У пяць гадзін раніцы аграгарадок і навакольныя вёскі яшчэ спяць, а ў нашым «Цэнтры» кіпіць работа: раздадзены канцэнтраты, ідзе падрыхтоўка да першай дойкі, якая доўжыцца прыкладна да паловы дзявятай гадзіны. Потым невялікі перапынак і ў 11 гадзін выганяем статак на двухгадзінную прагулку. У 17.30 – вячэрняя дойка. І так з дня ў дзень, – расказвае пра рэжым работы МТФ яе загадчыца Людміла Чарапавіцкая. Яна ні разу і не пашкадавала, што перакваліфікавалася з бухгалтара ў жывёлавода. Задаволена стаўленнем калег да справы, вытворчымі ўмовамі: на ферме камфортна і жывёле, і працаўнікам. Абсталяваны ўсім неабходным пакоі для адпачынку. Ёсць пральная машына-аўтамат, у кожнага свая шафа для пераапранання, ёсць душавая, мікрахвалёўка. Заработная плата, як і наогул па «Начы», у мясцовых жывёлаводаў дастойная.
На сённяшні дзень у калектыве МТФ – 45 чалавек. На іх руках 641 дойная карова, а ўсё пагалоўе амаль удвая большае. Каторы год упэўнена трымаюць марку лепшых аператары машыннага даення Марына Вайцешык, Наталля Дараневіч, Людміла Бубен. На рахунку кожнай з іх па выніках 10 месяцаў надоена амаль па 7000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Да перадавой тройкі ўпэўнена набліжаецца Валянціна Шостак, якая ахвотна далучылася да размовы:
– Канешне, умовы, якія былі тут 13 гадоў назад, калі прыйшла на ферму, не параўнаць з цяперашнімі. Дрэнна працаваць нават сорамна! І зарплата сёння куды лепшая. Ды і ў такім калектыве працаваць у радасць.
Побач з ёю ў «Цэнтры» працуе і муж: Міхаіл Шостак – адзін з лепшых жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства. У яго клапатлівыя рукі трапляюць двухмесячныя цяляткі, ён іх корміць, даглядае – адпаведна і прывагі 917 грамаў у суткі. І гэта другі вынік пасля Васілія Ясінскага, яго паказчык – 970 грамаў ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве сярод аператараў па адкорме буйной рагатай жывёлы. На трэцім месцы Віктар Жалнярэвіч: сярэднясутачныя прывагі кожнага з яго «выхаванцаў» у сярэднім 882 грамы.
Сын Шостакаў Сяргей таксама жывёлавод «Цэнтра», разам з напарнікам даглядае 200 кароў. Дарэчы, і яго жонка Алена шчыравала тут да дэкрэтнага водпуску. Абедзве сям’і Шостакаў жывуць у добраўпарадкаваных катэджах, атрыманых ад «Начы».
А вось маладое папаўненне гаспадаркі, хто пакуль не мае сваёй сям’і, у тым ліку работнікі МТФ, атрымліваюць пакой у інтэрнаце. Сёлетні выпускнік ЛДАКа заатэхнік Маркус Кутас – адзін з іх. На МТФ маладых працаўнікоў нямала: Вікторыя Гомза, Марына Вайцешык, Людміла Алай, Яўгеній Генеральскі, Аляксандр Страмавус. Ім ёсць чаму і ў каго павучыцца.
Больш за тры дзесяцігоддзі ў прафесіі тэхнік-асемянатар Генадзій Манько. Манько – яшчэ адна дынастыя ў «Начы»: жонка Марына – галоўны эканаміст, дачка Юлія –  бухгалтар.
Шмат гадоў працавала аператарам машыннага даення Валянціна Шаўчук. Цяпер кола яе абавязкаў значна пашырылася, яна памочнік брыгадзіра на ферме.
«Наша энцыклапедыя» – так з гумарам гавораць пра селекцыянера Ірыну Лук’янаву. Яна сапраўды ведае ўсё пра «цэнтраўскі» статак.
– Ёсць у нас свае рэкардсменкі. Ад Сіцыліі за 10 месяцаў атрымалі 8500 кілаграмаў малака, Бяляначка, Васіліса, Настачка далі амаль па 8000 кілаграмаў малака кожная, – расказвае Ірына Лук’янава. І трэба бачыць, як яна ганарыцца гэтымі вынікамі.
…Такія будні МТФ. За ўсімі важкімі надоямі і прывагамі, паказчыкамі і дасягненнямі – штодзённая, няпрос-тая і вельмі важная праца тутэйшых жывёлаводаў – «Цэнтра» гаспадаркі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Пасля дойкі ў аператараў машыннага даення Наталлі Дараневіч,  Святланы Кендыш, Марыны Вайцешык знойдзецца хвілінка для чаяпіцця.

Людміла Чарапавіцкая ў адказе і за вынікі працы, і за ўмовы, і за настрой сваіх калег.

Адна з начаўскіх дынастый – Шостакі.

Людміла і Аляксандр Страмавусы і па жыцці, і на рабоце разам.

Хапае спраў у жывёлавода Яўгенія Генеральскага.