Бацька, сын і КЗС-1218

Наш хлебны каравай набірае вагу. Па стане на раніцу 18 жніўня беларускія аграрыі намалацілі больш за 6,2 мільёна тон збожжа. “Мільянерамі” ўжо сталі Брэстчына, Міншчына і Гродзенская вобласць.  Імёны лепшых хлебаробаў краіны не сыходзяць з газетных старонак і тэлевізійных экранаў – заслужана! Пра звычайных вяскоўцаў  (і, дарэчы, не толькі), якія сёлета сталі героямі жніва, вось ужо які   нумар запар ад душы расказвае  і «Ляхавіцкі веснік».

Уборачная адлічвае гадзіны да моманту, калі апошняя тона зерня трапіць у бункер камбайна. Але тэмпы збаўляць ніхто не збіраецца: уборка ідзе размерана, спакойна, у духу здаровай канкурэнцыі – паміж рэгіёнамі, гаспадаркамі, экіпажамі і вадзіцелямі.

Экіпаж ЗАТ “Белпрампрыбор” у складзе Міхаіла і Сяргея Зубікаў літаральна з першых дзён трывала замацаваўся на раённай жніўнай Дошцы гонару. А ў гэты аўторак вопытны тандэм бацькі і сына перасягнуў знакавую лічбу – сямейнаму экіпажу пакарылася тысяча тон.

Механізатар Міхаіл Зубік у полі сапраўдны профі, за плячамі больш за тры дзясяткі ўборачных кампаній, даводзілася быць і сярод пераможцаў у раённым спаборніцтве на жніве.

– Якія тут могуць быць сакрэты? Галоўнае ў нашай справе залішне не спяшацца, працаваць сумленна. Канешне, можна спісваць удачы-няўдачы на надвор’е ці тэхніку, але ўсё ж такі важная ўмова паспяховасці –  асабістыя адносіны, зладжанасць экіпажа, ад якога ў многім залежыць якасць, а значыць і выніковасць работы, – расказвае Міхаіл Іосіфавіч, а заадно дае слушныя парады сыну, чыё пазаўборачнае жыццё не звязана з сельскай гаспадаркай.

Сяргей, дарэчы, таксама на жніве не навічок, сёлетняя ўборачная для яго – шостая. А ў такім складзе экіпаж шчыруе на хлебнай ніве  ўжо другі раз. Яны, без перабольшання, разумеюць адзін аднаго з паўслова і аднаго погляду.

– Галоўнае адчуваць сябе надзейна і ўпэўнена, тады, здаецца, няма нічога  недасягальнага. Тым больш, калі побач родны чалавек, а яшчэ такі ас, як мой бацька. Ёсць з каго браць прыклад, – прызнаецца Зубік-малодшы. амбайн завяршыў чарговы круг па полі і прыпыніўся. У сямейнага экіпажа гэты перапынак асаблівы – святочны. І хоць нагода важкая, віншаванні тысячнікі прымаюць без адрыву ад вытворчага працэсу.

Павіншаваць хлебаробаў у поле прыехаў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч, які падзякаваў Міхаілу і Сяргею Зубікам за самаадданую працу і пажадаў новых працоўных поспехаў.

Герояў жніва віншавалі прадстаўнікі райсельгасхарчу, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Святочны настрой раздзялілі з хлебаробамі і прадстаўнікі раённай арганізацыі “Белай Русі” – таксама з падарункамі.

У лічаныя хвіліны скошаныя палеткі ператварыліся ў імправізаваную пляцоўку: гул машын змянілі звонкія спевы народнага ансамбля народнай песні «Крыніца».

…Сціплыя, крыху разгубленыя ад нязвыклай, але такой прыемнай і важнай увагі, камбайнеры спяшаюцца за штурвал магутнай тэхнікі працягнуць уборку. Хвалюцца, што ўжо адстаюць ад суседняга КЗСа.

Зноў загудзеў матор, і па залацістым пшанічным полі ў бязмежную далеч пакаціў іх КЗС-1218.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *