Жывёлагадоўля раёна працягвае нарошчваць мускулатуру. Па выніках работы апошняга месяца лета жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна амаль выйшла на пяць тысяч кілаграмаў сярэдняй удойнасці ад кожнай каровы

Адбылося гэта, нягледзячы на той факт, што ў асобных сельгаспрадпрыемстваў раёна ніяк не атрымліваецца зламаць сваю па-рознаму працяглую адмоўную тэндэнцыю. Як і месяцамі раней, меншую прадукцыйнасць па выніках жніўня паказалі СУП «Белазем’е» і «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы». А сярэдні па раёне паказчык удойнасці атрымалася падняць за кошт дынамічна-прадукцыйнай работы квартэта сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны, якія да сваіх і без таго дастаткова важкіх «белых» кілаграмаў змаглі дабавіць яшчэ. Жнівеньскі плюс СВК «Ляхавіцкі» склаў фактычна чатыры сотні адзінкавых кілаграмаў у параўнанні з базай мінулага года. Кожная рагуля гаспадаркі за восем месяцаў паказала больш за 6,78 тысячы кілаграмаў удойнасці. Дынаміку дэманструюць «Жарабковічы», «Нача», «Белпрампрыбор». За мінулы год удойнасць сярэдняй каровы раёна павялічылася на
27 кілаграмаў.

Працэнтна вырасла і валавая вытворчасць малака. За год гэты паказчык павялічыўся на больш за тры працэнтныя пункты і на працягу апошніх некалькіх месяцаў застаецца ў межах стабільнай станоўчай велічыні.
За перыяд, аб якім вядзецца гаворка, грамадскі сектар жывёлагадоўлі «выдаў» на рынак больш за 56 тысяч тон малака. Пераважна – высакаякаснага, якое гандлюецца дзвюма найбольш каштоўнымі ступенямі якасці. Сярэдні працэнт экст-ра і вышэйшай гатунковасці складае 93,5 працэнта. Сярод гаспадарак ёсць і яўныя аўтсайдары, якія з высокай якасцю малака спраўляюцца на 60–70 працэнтаў ад абсалютнай велічыні.
Цяпер пра прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме. Мінулы жнівень стаў у гэтым сэнсе знакавым месяцам. Сельгаспрадпрыемствы раёна выйшлі на рубеж 800-грамовых сутачных прываг буйной рагатай жывёлы.
Дастаткова даўно і многа месяцаў запар названая «вагавая катэгорыя» была падуладна выключна СВК «Ляхавіцкі». Шэрагі гаспадарак з прывагамі ў 800 і больш грамаў за суткі папоўнілі ААТ «Жарабковічы» і СУП «Белазем’е».
І тут таксама хочацца гаварыць пра паступовасць, аднак дынамічную нязменнасць тэндэнцыі. ААТ «Жарабковічы» пэўны час падбіралася-прымервалася да флагманскай вышыні. І задуманае ажыццявілася.
Гэтымі днямі ўсе раённыя аграрыі засяроджаны, у тым ліку, на ўборцы зялёнай кукурузы, закладцы сіласных траншэй. Наколькі яны атрымаюцца поўнымі і паўнавартаснымі ў плане якасці канчатковага прадукту – у значнай ступені залежыць і малако гаспадарак, і прывагі,
і выручка.
Іван КАВАЛЕНКА.