Меліяраваным землям патрабуецца ўвага. Пра што гаварылі на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Адно з пытанняў чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама тычылася прымаемых мер па эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных земляў, рабоце, што праводзіцца па будаўніцтве, рэканструкцыі і належным стане меліярацыйных сістэм.

Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская нагадала, што агульная плошча меліяраваных земляў Ляхавіцкага раёна па стане на 1 студзеня 2026 года складае 24 486 гектараў. Супрацоўнікі аддзела землеўпарадкавання і райсельгасхарчу праводзяць абследаванні сельскагаспадарчых земляў на прадмет іх эфектыўнага выкарыстання пасля праведзенай меліярацыі ў 2022–2026 гадах. Толькі за мінулы год праведзена 19 камісійных абследаванняў на плошчы 1 410 гектараў (сёлета ўжо 767 гектараў), з якіх 540 гектараў належаць фермерскім гаспадаркам. За невыкананне  абавязковых мерапрыемстваў па ахове меліяраваных земляў складзены тры пратаколы на службовых асоб ТАА «Ляхавіцкая вербачка», СФГ «ЛагуЦін», «Сяляначка».
ЗТАА «Белдан» накіравана прадпісанне аб ухіленні выяўленага парушэння. Сельгаспрадпрыемства парушэнне выправіла, акрамя таго, землекарыстальнік добраахвотна адмовіўся ад зямельнага ўчастка плошчай 50 гектараў.
Калі гаварыць пра сёлетняе абследаванне, то ёсць праблемы па шэрагу сялянскіх фермерскіх гаспадарак.
Так, СФГ «МітДАСон» неабходна разглядзець эканамічную эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых земляў. СФГ «АграВыгада Плюс», «ГАШЧЫН», «Вялікае Падлессе-агра» ёсць магчы-
масці ўцягнення ў сельскагаспадарчы абарот земляў, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Работы запланаваны на 2027–2029 гады.
Акрамя таго, сёлета праведзены 25 абследаванняў на агульнай плошчы больш за 2 450 гектараў земляў, якія належаць сельгаспрадпрыемствам раёна. Найбольш праблемныя моманты выяўлены ў СУП «Ліпнянка» (зарастанне земляў пустазеллем на плошчы 24,6 гектара ў раёне вёскі Свяціца, 3 гектары ў раёне вёскі Крывошын). За невыкананне абавязкаў па ахове земляў землекарыстальнік судом Ляхавіцкага раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, правапарушэнне знаходзіцца ў стадыі ўхілення.
Як адзначыла Наталля Крымская, выкананне работы над памылкамі знаходзіцца на кантролі і адносна ЗАТ «Белпрампрыбор», СУП «Бела-
зем’е», «Ліпнянка», ААТ «Нача» і «Жарабковічы».

Прыняты і адпаведныя меры па ўхіленні выяўленых фактаў невыкарыстання асушаных земляў. У прыватнасці, па словах Наталлі Крымскай, адабраны зямельныя ўчасткі плошчай 42 гектары ў СФГ «Сяляначка» і вернуты ранейшаму землекарыстальніку СУП «Белазем’е». СФГ «ЛагуЦін» не ў поўнай меры выканала абавязкі па расчыстцы зямельнага ўчастка плошчай 12 гектараў ад драўнінна-хмызняковай расліннасці і рэалізацыі мер па ахове земляў. У адносінах да землекарыстальніка будуць прыняты паўторныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння, накіраваныя на ўцягненне
пашавых закустараных земляў у сельскагаспадарчы абарот ці прымусовае адабранне зямельных участкаў агульнай плошчай 140 гектараў.
Сярод асноўных прычын выяўленых выпадкаў неэфектыўнага выкарыстання меліяраваных земляў Наталля
Крымская назвала наступныя: недастатковая забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў спецыялізаванай тэхнікай; несвоечасовае выкананне агратэхнічных мерапрыемстваў па доглядзе асушаных земляў; нізкая выканаўчая дысцыпліна асобных суб’ектаў гаспадарання.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык адзначыў, што асаблівую ўвагу неабходна надаваць аб’ектам, якія не выкарыстоўваюцца. У іх ёсць гаспадары, якія павінны несці за іх адказнасць. Іншага не дадзена. Таксама Васілій Пыжык указаў на неабходнасць большай эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных
участкаў.
Галіна КАНЬКО.