Пытанні нацыянальнай бяспекі

27 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі. На нарадзе размова ішла аб важных і актуальных пытаннях нацыянальнай бяспекі. Вялікая ўвага была ўдзелена правядзенню Беларуссю важных міжнародных мерапрыемстваў.

Прэзідэнт асаблівую ўвагу звярнуў на пытанні дзейнасці сістэмы калектыўнай бяспекі ў АДКБ, дзе Беларусь цяпер старшынствуе. Галоўным у шэрагу мерапрыемстваў беларускага старшынства павінна стаць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая запланавана на восень. Прэзідэнту даложана аб ходзе падрыхтоўкі важнейшых дакументаў, якія ўнясуць на разгляд кіраўнікоў дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму маючых адбыцца сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017». «Аб гэтым шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні – і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў – усім усё растлумачылі, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі вялікую колькасць наглядальнікаў. Прыязджайце, глядзіце». Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што вучэнні маюць абарончы характар.

З улікам маючых адбыцца ў 2019 годзе ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў на нарадзе размова ішла аб падрыхтоўцы да гэтых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэты перыяд часу беларуская сталіца стане міжнародным спартыўным эпіцэнтрам. У Мінск прыбудзе нямала замежных гасцей не толькі з еўрапейскіх, але і іншых замежных дзяржаў, таму ў ліку пытанняў падрыхтоўкі да Еўрагульняў знаходзяцца і тэмы забеспячэння бяспекі. «Беларусь павінна дастойна правесці II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму выканання Дырэктывы №1. Прэзідэнт, параўноўваючы сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у іншых краінах, падкрэсліў важнасць таго, што ў нас «людзі жывуць у спакойнай, бяспечнай абстаноўцы, дзе на запыты людзей адказвае ўлада».  «У аснове гэтага – дысцыпліна, – перакананы Аляксандр Лукашэнка. – Я не скажу, што мы дасягнулі вяршыні ў гэтым плане, таму дысцыпліна – пытанне нумар адзін».

Асобна быў разгледжаны стан спраў у сілавым блоку. Аляксандр Лукашэнка лічыць прынцыповым пытанне аптымізацыі сілавых структур. Прэзідэнту было даложана аб выніках дзейнасці ўсіх сілавых органаў краіны за першае паўгоддзе. Паводле слоў Дзяржсакратара Савета Бяспекі Станіслава Зася, усе дзяржорганы па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі першае паўгоддзе адпрацавалі ў штатным рэжыме, без зніжэння эфектыўнасці ў паўсядзённай дзейнасці. Вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці станоўчыя.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *