Мовай коласа поўным голасам

Непаўторны, спакуслівы пах свежаскошанай хлебнай нівы – пах летняга цяпла, сонца, спакою. Зярняты на далонях, патокам – з бункера ў кузаў, насыпаныя горамі – на сушыльных комплексах. Прыпазнілася сёлета жніво, тым больш чаканым і хвалюючым успрымаецца. Самая рэйтынгавая інфармацыя для хлебаробаў сёння – прагноз надвор’я. Ападкі не чакаюцца? Клас! Абяцаюць дождж? Можа памыляюцца сіноптыкі…

Поле спелае, шчодра-хлебнае кліча коласам поўным голасам.

У краіне першыя перадавікі ўжо віншаванні прымалі са статусам тысячнікаў. Усе раёны Брэстчыны – на жніўнай дыстанцыі. Ляхавіччына – не выключэнне. Уборачны расклад – без малога 16 тысяч гектараў хлебнай нівы. Дробка, якую займаў азімы ячмень, даўно ўпарадкавана. Азімы рапс належыць убраць яшчэ чвэрці занятых ім плошчаў. Дарэчы, па яго ўраджайнасці раён – у пяцёрцы абласных лідараў – 26,2 цэнтнера з гектара. Ячмень, авёс, пшаніца, трыцікале, жыта – маштаб жніва ўразлівы. Галоўныя героі і дзеючыя асобы гэтай падзеі – хлебаробы, побач з імі  службы, якія забяспечваюць бесперабойную і бяспечную працу аграрыяў, захаванасць вырашчанага ўраджаю, а таксама клапоцяцца пра бытавы камфорт удзельнікаў жніва. Усе намаганні падпарадкаваны галоўнай мэце: убраць хутка, без страт, захаваць ураджай да апошняга зярнятка. Камбайнеры ААТ «Жарабковічы» (на здымку), як і іх калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, далучыліся да жніўных клопатаў.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Жніво ў лічбах

Агульная хлебная ніва раёна – 15,8 тыс. гектараў.

Убіраюць хлеб 74 экіпажы зернеўборачных камбайнаў, з  іх – 8 маладзёжных, 7 – сямейных. Працуюць 22 зернесушыльныя комплексы. На адвозцы зерня заняты каля 80 вадзіцеляў, з іх  11 – маладых.

Азімы ячмень убраны поўнасцю са 113 гектараў, азімы рапс – з  75-ці працэнтаў занятых ім плошчаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *