Шчырасць і клопат не па графіку

Клопат сацыяльнай службы пра чалавека, дзяржаўную падтрымку можна ў нейкай ступені параўнаць з рукой сябра, якая дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначае, што да іх звяртаюцца не толькі за назначэннем і выплатай пенсій (яе ў нашым раёне атрымліваюць больш за 8000 чалавек), аказаннем матэрыяльнай дапамогі, садзеяннем у працаўладкаванні. Займаецца ўпраўленне пытаннямі працы і яе аховы, многімі іншымі. За час дзеяння такога віду дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі як сямейны капітал у нашым раёне ён быў назначаны 231 сям’і. А дапамогу па доглядзе за дзецьмі да трох гадоў атрымліваюць 118 мам. 520 нашых землякоў звярнуліся за назначэннем дзяржаўнай адраснай сацдапамогі.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць шэсць аддзялен-няў. Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту параўнальна маладое, але палюбілася і стала надзвычай запатрабаваным. Неабмежаваныя магчымасці літаральна адкрываюцца ў нашых землякоў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Не пустуе Ганчароўскі дом сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту. Сродкі рэабілітацыі, паслугі сястры міласэрнасці ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і многае іншае – усё дзеля падтрымкі і дапамогі тым, хто ў гэтым мае патрэбу.
Наогул, пра сацыяльную службу ёсць што расказаць і яе работнікам, і ветэранам, і, наогул, землякам.

Прызванне – суперажываць і дапамагаць

Фарміравалася сістэма не ў адзін момант. Удасканальвалася структура органаў сацыяльнай абароны, пашыраліся іх функцыі. У стогадовую гісторыю службы свой уклад унеслі і многія нашы землякі. Тут заўсёды працавалі людзі нераўнадушныя, адданыя сваёй справе.
Больш за два дзесяцігоддзі, пачынаючы з 1981-га, аддзел сацзабеспячэння ўзначальвала Ірына Пархоменка. Пры яе актыўным удзеле была створана і раённая арганізацыя таварыства інвалідаў, якая летась адзначыла 30-годдзе.
Ірына Аляксандраўна расказвае, што выпадковых людзей сярод сацработнікаў ніколі не было. Усе яны ўважлівасцю і міласэрнасцю вызначаліся не па графіку, а па душэўным раскладзе, які супаў з прафесійным. Ірына Пархоменка з павагай узгадвае прозвішчы тых, з кім працавала. Сярод іх Анастасія Логінава, Галіна Дыдышка, Таісія Шалік, Галіна Якубоўская, Вольга Гарбатая, Валянціна Равінская і іншыя.
Тры дзесяцігоддзі назад пры аддзеле сацзабеспячэння была створана служба надомнага абслугоўвання адзінокіх састарэлых і інвалідаў. За гэты час яна вырасла да тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пад апекай 71 сацработніка знахо-дзяцца 584 састарэлыя адзінока пражываючыя землякі ў 70 населеных пунктах раёна.
У Падлессі, Улазавічах і Свісткоўшчыне два дзе-сяцігоддзі працавала сацыяльным работнікам Ганна Таранда. Ужо даўно на пенсіі, а ўсіх сваіх бабуль-дзядуль памятае па імёнах.
– Прывезці прадукты, прыбрацца ў хаце, вады нанасіць, купіць лякарства – усё гэта было ў абавязках сацыяльнага работніка. Ніколі не ўспрымала іх як цяжар. Мусіць таму, што любіла сваіх старэнькіх падапечных, – узгадвае Ганна Рыгораўна.
Прапанову пайсці працаваць сацработнікам Лідзія Каспяровіч абдумала і згадзілася. Ды так уцягнулася, што і на пенсіі не магла без гэтых клопатаў.
– У маіх бабуль вучылася жыццёвай мудрасці. Калі пасеяць насенне, калі высаджваць расаду, чым смачным парадаваць дамашніх, – з пяшчотай успамінае Лідзія Фамінічна.
Святлану Козел у сацработнікі запрасілі, калі працавала ў сельскай гаспадарцы, адсюль праз 15 гадоў і на пенсію пайшла.
– Работа мне падабалася. Ад майго Вострава да Падлаззя, Бярэзак і Любеек – не адзін кіламетр. Але не заўважала адлегласці ні зімой, ні летам. Прыеду зімой на аддалены
хутар і не ведаю куды веласіпед дзець – снег сцяной. У нашай рабоце часта прыкіпаеш да чужога чалавека ўсёй душой, –  гаворыць Святлана Іванаўна.
У сацработніках прыжываюцца не ўсе. Тут патрабуюцца асаблівыя адносіны да лю-дзей і да працы, а яшчэ каб жаданне дапамагаць ішло ад душы. Раіса Горбік без малога тры дзесяцігоддзі лічы родны чалавек для вяскоўцаў з Гуты і Кулікоў. Лякарствы ім купляе, прадукты, не забывае аплаціць камунальныя.
– Добры дзень, як ваша здароўе? – Прывычна ўвахо-дзіць у дамы сваіх дзевяці бабуль-дзядуль Валянціна Гатоўчыц. І бачыць радасць у іх вачах – яе чакалі. Тэрыторыя клопату гэтага сацработніка – Сваятычы і Валасачы.

Адрасная ўвага

5 лістапада 1973 года – дата для ляхавічанкі Галіны Дыдышкі памятная: менавіта ў гэты дзень яе прынялі на работу ў райсабес на пасаду інспектара.
– Раён умоўна дзяліўся на ўчасткі. Адказвала за гарадскі, а таксама Ганчароўскі, Крыво-шынскі і Куршынавіцкі сельсаветы. Разам са мной працавалі мае калегі Ганна Лысова, Валянціна Морская, Антон Пашко. Райсабес тады ўзначальваў Сяргей Жарабцоў. Памятаю першую маю справу – па назначэнні дапамогі інваліду з дзяцінства, – прыгадвае Галіна Канстанцінаўна.
Яна была галоўным спецыя-лістам, потым загадвала сектарам матэрыяльна-бытавога абслугоўвання, адраснай дапамогі і гендарных праблем. Дзе б ні працавала, усюды вылучалі яе добрасумленнасць, ініцыятыўнасць і неабыякавасць.
З павагай прыгадвае былых калег Людмілу Касцючэнка, Ніну Кідзіну, Марыю Рогач, Вольгу Пляшэвіч, Веру Лябошкіну, Крысціну Арлоўскую і іншых.
Дарэчы, у сістэму сацабароны акрамя адпаведнага падраздзялення райвыканкама уваходзіў і Ляхавіцкі раённы аддзел Брэсцкага абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны. Мікалай Бурак узначаліў яго ў 1991 годзе. Некаторы час ён адзін спраўляўся з абавязкамі, потым намеснікам стала Марыя Лойка.
– Адказная місія – кантроль за зборам і ўплатай страхавых узносаў, правільнасцю і своечасовасцю выплат усіх відаў дапамог на дзяцей. Затым дабавіліся выплаты па бальнічных лістах і г.д. З кожным годам абавязкаў станавілася больш, штат павялічыўся да пяці чалавек. Больш за 300 арганізацый здавалі справаздачу, якая затым зводзілася ў адно цэлае, – успамінае Мікалай Ігнатавіч і называе прозвішчы калег, з якімі працаваў шмат гадоў: Жанна Туровіч, Ларыса Павядайла, Сяргей Крываруцкі і іншыя.
Вопыт і ўменне клапаціцца пра чалавека ў сацыяльнай службы багаты. Цэлае стагоддзе яна развіваецца і ўдасканальваецца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ветэраны сацслужбы Галіна Дыдышка і Мікалай Бурак.
Валянціна Гатоўчыц
спяшаецца да падапечных
Раісу Горбік чакаюць
па многіх адрасах.