І адпачынак, і аздараўленне

Цікава правесці волны час, знайсці сяброў, набрацца станоўчых эмоцый і, самае галоўнае, умацаваць і паправіць здароўе – чым не ідэальны адпачынак. Менавіта такі прапаноўваецца ў беларускіх санаторыях, якія надзвычай запатрабаваны не толькі сярод жыхароў нашай краіны, часта сюды браніруюць пуцёўкі і замежныя грамадзяне, асабліва шмат сярод адпачывальнікаў расіян.
Пра тое, як аздараўляліся ў мінулым годзе землякі, расказвае вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Валянціна Юрлевіч:

– Звярнуся спачатку да абласных лічбаў і ў іх кантэксце агучу сітуацыю з аздараўленнем у Ляхавіцкім раёне. У мінулым годзе 110873 жыхары Брэстчыны прайшлі аздараўленне ў санаторна-курортных арганізацыях Беларусі, што на 64 працэнты больш, чым у 2020 годзе. На гэтыя мэты выдаткавана 27,7 мільёна рублёў. За кошт рэспубліканскага бюджэту рэалізавана 4920 пуцёвак на агульную суму 3,1 мільёна рублёў для аздараўлення пенсіянераў і студэнтаў. Акрамя таго, паправілі сваё здароўе 656 дзяцей-інвалідаў – на гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдаткаваны адзін мільён рублёў. За кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання пуцёўкі атрымалі 7257 чалавек на 5,8 мільёна рублёў. Сярод дарослага насельніцтва атрымліваецца наступная лічба: 7,7 пуцёвак на адну тысячу працуючых. Дарэчы, па Ляхавіцкім  раёне – 12,2 пуцёўкі адпаведна. Што тычыцца дзяцей ва ўзросце ад  трох да 17 гадоў, то магчымасцю атрымаць пуцёўку на аздараўленне скарысталіся 3457 хлопчыкаў і дзяўчынак ці 26,4 працэнта ад тых, каму патрэбна такое аздараўленне. Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне (як у Лунінецкім і Жабінкаўскім) паказчык вышэй за сярэднеабласны і складае 40,4 працэнта.
Асаблівая ўвага па-ранейшаму надаецца арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі. У 2021 годзе ў розных летніках аздаравіліся
60746 дзяцей з усёй Брэстчыны. На патанненне пуцёвак зрасходавана 7,2 мільёна рублёў з рэспубліканскага бюджэту.
Санаторыі Брэстчыны папулярныя і запатрабаваныя. Цяпер у вобласці  22 атэставаныя санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі рознай ведамаснай падпарадкаванасці і формы ўласнасці, плюс 21 стацыянарны аздараўленчы  лагер (у тым ліку і ляхавіцкі летнік «Чайка»). Іх агульная ложкавая магутнасць – 8292 месцы, з якіх 3998 месцаў прыпадае на санаторна-курортныя арганізацыі. Летась у іх атрымалі неабходнае лячэнне і аздараўленне 98 тысяч дарослых і дзяцей, што на 47,4 працэнта больш, чым у 2020 годзе.
Запаўняльнасць склала 78,6 працэнта. Летась аздаравіліся 199 жыхароў Ляхавіцкага раёна, у тым ліку 70 пенсіянераў, 65 дзяцей, 18 дзяцей-інвалідаў, якія адпачывалі разам з маці.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.