Кожная дробязь – важная. Гатоўнасць да вясенне-палявых работ – тэма, якая зараз на асаблівым кантролі на Ляхавіччыне
Гатоўнасць да вясенне-палявых работ – тэма, якая зараз на асаблівым кантролі. На Ляхавіччыне два дні працавала рабочая група ў складзе начальніка РАНС Юрыя Буйкевіча, намесніка пракурора раёна Дзіяны Клімовіч, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Бурбуця і загадчыка сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Рамуальда Сладзінскага.


Экзаменаваліся мехдвары і рамонтныя майстэрні, аўта-заправачныя пункты гаспадарак і месцы захоўвання насення: выкананне правілаў пажарнай бяспекі, патрабаванняў правілаў па ахове працы, захаванасць тэхнікі і маёмасці, наяўнасць удабрэнняў і многае іншае.
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч акцэнтуе ўвагу на тых арганізацыйна-працоўных момантах, якія забяспечваюць агульную бяспеку. Важны пункт – падтрыманне на ўсіх вытворчых аб’ектах парадку, у тым ліку і санітарнага. Прыкладам добраўпарадкаванасці і гаспадарлівых адносін з’яўляюцца аб’екты СВК «Ляхавіцкі», дзе гэтаму пытанню надаюць павышаную значнасць. На мехдвары ўкладзены асфальт, а ў рамонтных майстэрнях не захоўваюцца тэхнічныя вадкасці і масла – усё, як і належыць.
– Асаблівую ўвагу звяртаем на стан першасных сродкаў пажаратушэння. Вогнетушыцелі, напрыклад, павінны быць своечасова перазараджаны і без слядоў карозіі. У адваротным баку могуць стаць прычынай траўмы ці проста бескарыснай рэччу, – падкрэслівае Юрый Буйкевіч.
У полі зроку рэйду – маланкаахова будынкаў і збудаванняў: з-за ўмоў надвор’я маланкапрыёмнікі пашкоджваюцца ці зрываюцца. А якраз з сакавіка па верасень назіраецца актыўны перыяд навальнічнай актыўнасці. Трапіць маланка ў будынак – без наступстваў
не абыдзецца.
На кожным прадпрыемстве сельскай гаспадаркі раёна, дзе пабывала рабочая група, з працаўнікамі праведзены супрацьпажарны інструктаж і дадзены адказы на шматлікія пытанні.
У справе бяспекі фармальныя адносіны не дапушчальныя: важны не проста подпіс у адпаведным журнале, але і да аўтаматызму адпрацаваны алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Тады мае значэнне і веданне нумароў МНС: 101 і 112.
Мікалай Бурбуць пералічвае асноўныя парушэнні, што датычаць аховы працы. А іх, як аказалася, нямала. Між тым, нават невялікая дробязь можа стаць прычынай надзвычайнага здарэння.
Па ўсіх выяўленых парушэннях будуць аформлены рэкамендацыі з указаннем канкрэтных тэрмінаў для ўхілення.
– Пракуратура ў межах наглядна-аналітычных мерапрыемстваў маніторыць падрыхтоўку і ход пасяўной кампаніі ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Работа гэта не спыняецца і прадоўжыцца далей. Прычым няма ні аднаго пытання, якое можна было б лічыць другасным. Аднолькава актуальны якасць захоўвання насеннага матэрыялу, правільнасць правядзення закупак неабходных тавараў і работ, стан тэхнікі і медыцынскі агляд механізатараў і вадзіцеляў перад выпускам на лінію, – адзначае Дзіяна Клімовіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва РАНС.

