Ідэі на ўсе сто!

Крэатыўныя і таленавітыя, смелыя і мэтанакіраваныя, вынаходлівыя і ўпэўненыя юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 31 года мараць зрабіць навакольны свет больш экалагічным, бяспечным, тэхналагічным, зручным – гэта пра ўдзельнікаў рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі». Вось ужо 15 гадоў, як праект, ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, упэўнена крочыць па краіне. І за гэты час стаў адным з брэндаў маладзёжнай арганізацыі. Маштабны праект падтрымалі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і іншыя зацікаўленыя арганізацыі і структуры. З кожным годам праект набывае ўсё большы размах. Той факт, што кожны пяты праект за ўвесь час правядзення конкурсу рэалізаваны на практыцы, пацвярджае яго значнасць, важнасць і перспектыўнасць.
Кожная работа, прадстаўленая на раённы этап праекта «100 ідэй для Беларусі», заслугоўвае ўвагі, бо з’яўляецца актуальнай і мае шанц стаць практычнай.
Пастаянна ўдзельнічаюць у праекце і прадстаўнікі Ляхавіччыны. Пачынаецца ўсё з раённага этапу.
– Галоўная мэта праекта – заахвочванне ініцыятывы маладых таленавітых сучаснікаў. Рэалізуецца гэта праз выбар лепшых інавацыйных ідэй у розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Асаблівая ўвага звяртаецца на актуальнасць тэмы, навізну і арыгінальнасць, мэты і задачы, што будуць вырашаны пры яго рэалізацыі. Штогод па ўсёй Беларусі адкрываюцца новыя імёны таленавітых юных вынаходнікаў і маладых вучоных, – адзначае першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Дземідовіч.
Сёлета ў раённы фінал адборачнага тура трапілі дзевяць работ, якія былі прадстаўлены аўтарамі экспертнаму савету. Якія тэмы выбралі канкурсанты, якія даследаванні праводзілі, наколькі рэальна ідэі ўвасобіць у жыццё, хто дапамагаў у падрыхтоўцы работ – пра ўсё гэта можна было даведацца на прэзентацыі, якая ў мінулую сераду прайшла ў раённай купалаўцы. «ЛВ» таксама пазнаёміўся
з наватарамі і ўпэўніўся: іх ідэі на ўсе сто працэнтаў цікавыя!
Рацыяналізатары з гімназіі, СШ № 2, Малагарадзішчанскай, Тухавіцкай, Начаўскай, Востраўскай СШ, Жарабковіцкай СШ
імя М. Г. Мінкевіча, Ліпскай СШ імя А. І. Малевіча, Падлескай БШ прэзентавалі свае распрацоўкі ў намінацыях «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства», «Экалогія», «Энергетыка, энергаэфектыўнасць», «Грамадства і сацыяльная сфера», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі». Старшакласнікі працавалі над праектамі пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў.
Цікава, што сярод прапаноўваемых школьнікамі ідэй і тыя, якія паспелі знайсці практычнае прымяненне. Гісторыя праекта
пад назвай «Павышэнне прадукцыйнасці бычкоў галштына-фрызскай пароды шляхам дабаўлення ў кармавы рацыён зялёнай масы гароху кармавога» пачалася некалькі гадоў назад. Яе ініцыявалі старшакласнікі СШ № 2 Сямён Глушко і Марыя Шкут.
– Вельмі хачу, каб наш Ляхавіцкі раён славіўся на ўсю краіну, у тым ліку, і высокімі паказчыкамі ў сельгасвытворчасці. Дзед
Сямёна працуе галоўным заатэхнікам у СВК «Ляхавіцкі». Мы пацікавіліся, як арганізуецца рацыён жывёлы, якія кампаненты
туды ўключаюцца. А потым прааналізавалі, якія дабаўкі могуць найбольш істотна паўплываць на прывагі бычкоў менавіта галштына-фрызскай пароды, якая з’яўляецца самай распаўсюджанай у сельгаспрадпрыемствах раёна. У 2024 і 2025 гадах вяліся практычныя назіранні. Пад пільным наглядам галоўнага заатэхніка і галоўнага ветурача ў СВК «Ляхавіцкі» эксперыментальнай групе бычкоў на адкорме ў рацыён дабаўлялі зялёную масу гароху кармавога, а кантрольнай групе рацыён пакінулі ранейшым. Вынік уразіў: прывагі ў эксперыментальнай групе былі вышэйшымі. Канешне, мы задаволены такім вынікам нашай даследчай работы, – адзначае адзінаццацікласніца Марыя Шкут, якая, дарэчы, марыць у будучыні стаць інжынерам-эколагам.
– Працаваць з такімі ініцыятыўнымі і актыўнымі рабятамі, як Марыя Шкут і Сямён Глушко, – адно задавальненне. У іх столькі
ідэй! – гаворыць кіраўнік праекта настаўнік СШ № 2 Таццяна Місюк.
Настаўнік-дэфектолаг Начаўскай СШ, мама дашкольніка і школьніка Ганна Радчанка распрацавала макет гульнявой пляцоўкі «Сонечны настрой», якую можна ўладкаваць у аграгарадку Нача.
– У Начы нямала зроблена для тутэйшых жыхароў. І дзіцячая пляцоўка дакладна лішняй не будзе. Тут нямала дзяцей,
і ім было б вельмі цікава бавіць вольны час на свежым паветры. Спланавала пляцоўку ў жоўтым і зялёным адценнях – колерах сонца і лета. Нават месца выбрала – на вуліцы Савецкай. Што б хацелася там убачыць? Разнастайныя зоны для актыўнага адпачынку, арэлі, турнікі, міні-фантан і іншае, што цікава дзецям. Прыкінула і прыкладны каштарыс. Рада, што ініцыятыву падхапілі землякі. Спадзяёмся, што праект пашчасціць рэалізаваць, – гаворыць Ганна Радчанка.
Экспертнаму савету было цяжка вызначыцца з пераможцам. Але конкурс ёсць конкурс. Прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным этапе будуць тры праекты. У намінацыі «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства» першынство ў Марыі Шкут з СШ № 2.
У намінацыі «Энергетыка, энергаэфектыўнасць» першае месца
журы прысудзіла Анастасіі Калядзе з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча за праект «Аўтамабіль будучыні». Пераможца ў намінацыі «Экалогія» – навучэнка Малагарадзішчанскай СШ Варвара Вярбіла з ідэяй вытворчасці экалагічнай сыравіны – беларускай люфы.
Будзем чакаць прыемных навін з абласнога этапу «100 ідэй для Беларусі».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

