Беларусаў чакае новая якасць жыцця. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы традыцыйна ў трэці чацвер месяца працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны
Фарміраванне самадастатковай і канкурэнтаздольнай дзяржавы, у цэнтры ўвагі якой – чалавек, – ключавая канцэпцыя пяцігодкі. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады прадаўжае актыўна абмяркоўвацца ў грамадстве. Менавіта гэта тэма стала адной з асноўных падчас студзеньскага адзінага дня інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы традыцыйна ў трэці чацвер месяца працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны.

ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустрэлася з работнікамі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Мікалай Мароз, які прымаў удзел у рабоце другога пасяджэння Усебеларускага народнага сходу, расказаў пра асноўныя сем прыярытэтаў, вызначаных Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Бясспрэчна, кожны з прыярытэтаў у той ці іншай ступені важны і для льнозавадчан. Было падкрэслена, што асноўная мэта Праграмы – пераход да новай якасці жыцця кожнага жыхара нашай краіны, а Беларусь павінна стаць дзяржавай з развітай лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі.
Кіраўнік раёна спыніўся на дасягненнях у сацыяльна-эканамічным развіцці Ляхавіччыны ў мінулай пяцігодцы. Яны адчувальныя ў розных сферах.
– Нашаму раёну ёсць чым ганарыцца. Прывяду некалькі прыкладаў. Па выніках 2020 года за суткі сельгаспрадпрыемствы раёна прадавалі на малочны завод 103-104 тоны малака, па выніках 2025 года – прыкладна 211 тон. Каля 10 сучасных даільных залаў папоўнілі МТФ сельгаспрадпрыемстваў, істотна павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Значная ўвага па-ранейшаму надаецца мадэрнізацыі ўстаноў аховы здароўя. Адрамантаваны ўсе ФАПы, пастаянна папаўняецца аўтапарк, набываецца высокатэхналагічнае медабсталяванне, напрыканцы мінулага года пачаўся капітальны рамонт у стацыянары бальніцы, – расказаў Мікалай Мароз.
Размова ішла і пра перспектывы развіцця Ляхавіччыны ў бягучай пяцігодцы з акцэнтам на рэалізацыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Тычыцца гэта і разнастайных інвестпраектаў не толькі ў эканоміцы, але і ў развіцці турызму. Мікалай Мароз акрэсліў, што наш раён мае нямала аб’ектаў і магчымасцей для прыцягнення турыстаў і, напэўна, турыстычнай прыцягальнасці Ляхавіччыны паспрыяюць некалькі новых інвестпраектаў, якія плануецца рэалізаваць у бліжэйшыя пяць гадоў.
Кіраўнік раёна адзначыў: не варта чакаць, пакуль нехта прыйдзе і зробіць, а трэба тут і цяпер браць адказнасць на сябе – за сваю работу,
свае ўчынкі, належным чынам выконваць свае прафесійныя абавязкі, працаваць на ўласны дабрабыт і дзеля развіцця дзяржавы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак спынілася на ключавых аспектах паслання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Выступленне Кіраўніка дзяржавы, якое прайшло пад дэвізам «Час канкрэтных спраў», закранула ўсе важныя тэмы сучаснасці – ад эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі да фарміравання глабальных цэнтраў сілы. Сярод іншых тэм размова ішла і пра развіццё моцных рэгіёнаў, што ў чарговы раз пацвярджае важны вектар сацыяльнай палітыкі дзяржавы, накіраваны на стварэнне роўных магчымасцей занятасці і якасці
жыцця насельніцтва ў кожным рэгіёне краіны. Асноўнымі індыкатарамі развіцця патэнцыялу рэгіёнаў з’яўляюцца рост рэальнай заработнай платы не менш, чым у 1,2 раза; рост інвестыцый у асноўны капітал на 16,7 працэнта за 2026–2030 гады. Плануецца стварэнне ў 162 малых населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек асяроддзя пражывання,
якое прапаноўвае перавагі ціхага загараднага ладу жыцця і гарадскія стандарты інфраструктуры і сэрвіснага абслугоўвання ў спалучэнні з
рацыянальным размяшчэннем вытворчых сіл і працоўных месцаў.
Як ідэолаг і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак не абышла ўвагай пытанне нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі, на якім акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што «неабходна вяртаць вобраз жанчыны-маці на п’едэстал. Сёння яна можа быць і дзелавой, і паспяховай, нават з трыма і больш дзецьмі… Гэта пытанне будучыні нашай і нашых нашчадкаў». І ў пацвярджэнне слоў Кіраўнік дзяржавы аб’явіў 2026-ы Годам беларускай жанчыны.
У гэты ж дзень ІПГ райвыканкама працавалі ў ЗАТ «Ляхавіцкі завод
«Металапластмас», ТАА «Трансэлектракамплект», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ДРБУ-200, дзіцячым садзе № 1.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

