Сказ пра сібірскага Васілька

Плошча Перамогі ў райцэнтры – месца знакавае, свяшчэннае. На гранітным помніку надпіс «Вечная памяць і слава верным сынам нашай Радзімы, 1941-1945 гг.». У гэтых словах – удзячнасць за подзвіг, за магчымасць жыць пад мірным небам, радавацца кожнаму дню. І боль пра тое, што мільёны салдатаў не сустрэлі Перамогу, не вярнуліся дадому, не абнялі родных, не спраўдзілі свае жаданні… Ля брацкай магілы ў самыя важныя святы нясуць ганаровую варту піянеры, чаканяць крок ваенныя. І маладыя ў час вяселля ўскладаюць сюды кветкі.

Цвях П.К., Ткачэнка Г.С., Пакальніс В.І., Ніясаў Д.І.,Мухбаліеў М.М… Усяго 267 прозвішчаў. Некаторыя з іх аднолькавыя – цёзкі. Прадстаўнікі розных прафесій, нацыянальнасцяў, веравызнанняў, з розных куточкаў вялікага Савецкага Саюза засталіся назаўсёды побач у страі вызваліцеляў. Дасёння не ўсе родныя ведаюць дакладнае месца пахавання сваіх салдатаў. Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Перамогі шукаюць блізкіх. Часам пошук гэты прыводзіць іх у Ляхавічы.
На чорным граніце ў трэцім зверху радку аднаго са слупкоў высечана прозвішча «Рудь В. Е.». У далёкай Сібіры ў ліпені 1944 года сям’я атрымала пахавальную: «Ваш сын гвардыі чырвонаармеец Рудзь Васілій Яўгеньевіч, ураджэнец Новасібірскай вобласці Барабінскага раёна, саўгас 29, у баі за Сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, быў забіты 5 ліпеня 1944 года. Пахаваны на могілках сяла Валасачы Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці».
Пакідаў Васілій сваю вялікую сям’ю – бацькоў і чатырох сясцёр – з цяжкім сэрцам, але не ў яго характары было хавацца за спінамі іншых – ён стаў франтавіком.
Праўда, спачатку быў Далёкі Усход. А пасля 96-ю стралковую дывізію, у якой служыў Васілій, адправілі на фронт. Шлях ляжаў праз Новасібірск, і хлопец адбіў дадому тэлеграму, каб сустрэцца з роднымі. Ваенны час унёс свае карэктывы – вестка не трапіла да адрасата. Сястра Васілія Ганна ў той дзень выпадкова апынулася ў Новасібірску – за 300 кіламетраў ад дома. Мінаючы вакзал, убачыла на пероне брата… Момант – і камандзір падае сігнал «па вагонах». Хіба думала дзяўчына, што бачыць Васілька апошні раз?
Сёння Ганне Яўгеньеўне 94 гады. Падводзіць здароўе і памяць не тая, але тую выпадковую сустрэчу раскладае па мінутах. І так балюча сціскаецца сэрца, і горка ад нявыказаных брату слоў, ад таго, што тады нават не было чым пачаставаць яго…
Пра тое, што бабуля ўсё жыццё марыла пабываць на магіле Васілія, рэдакцыі «ЛВ» напісаў унук яе сястры Яўгеній Якушаў. Некалькі гадоў назад ён пачаў вывучаць гісторыю вялікай сям’і Рудзь, складаць генеалагічнае дрэва. Яўгеній атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Сібірскім фэдэральным універсітэце і працуе памочнікам следчага. Так што ўстанаўленне ісціны – яго прафесія. Падштурхнула да пошуку і тое, што назвалі яго ў гонар прадзеда.
У бабулі Ганны, якая засталася адна з усіх сясцёр, на стале стаіць партрэт брата. На ім ён малады і прыгожы, з адкрытым позіркам. У памяці родных – жыццярадасны, клапатлівы і працавіты. Яўгеній пачаў пісаць у архівы, на форумы, адпраўляў запыты, каб высветліць дакладнае месца пахавання дзядулі.
Сібіраку адказаў беларус жыхар вёскі Кавалі Дзмітрый Несцяровіч. Дзіма працуе машыністам на чыгунцы, а яго хобі – гісторыя. Убачыў паведамленне Яўгенія на адным з сайтаў і вырашыў дапамагчы. Адразу адправіўся ў вёску Валасачы – пункт, указаны ў пахавальнай. Паездка не прынесла жаданага выніку.
Дзмітрый Несцяровіч летась у пошуках месца пахавання загінуўшага салдата ўздоўж і ўпоперак аб’ездзіў увесь раён.
Здагадка прыйшла нечакана:
– У паведамленні родным была ўказана вёска, а можа чырвонаармейца пахавалі ў Ляхавічах? На плошчы Перамогі ў райцэнтры знайшоў тое, што шукаў амаль год, – расказвае Дзмітрый.
І, здаецца, няма ўжо адлегласці ў некалькі тысяч кіламетраў,
розніцы ў часе ў чатыры гадзіны паміж Краснаярскам, дзе зараз жывуць родныя салдата Васілія, і Ляхавічамі. Вестцы радаваліся і ў Расіі, і ў Беларусі. Абмен паведамленнямі і фота ў сацыяльных сетках не спыняўся. Сястра Ганна была ўзрушана навіной:
– Дзякуй Богу, што мой брат пахаваны як чалавек. Дзякуй усім, хто памятае, не забывае ні яго, ні іншых салдатаў Вялікай Айчыннай вайны.
96-я стралковая дывізія ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі адбівала атакі ворага і ішла наперад, вызваляючы гарады і вёскі, у тым ліку ў Беларусі. У складзе 28-й арміі Першага Беларускага фронту ўдзельнічала ў Беларускай наступальнай аперацыі. Прарвалі нямецкую абарону на поўдні ад Бабруйска, фарсіравалі раку Пціч і разам з іншымі вайсковымі часцямі 30 чэрвеня 1944 года вызвалілі Слуцк, іншыя райцэнтры, сярод якіх Ляхавічы, Пружаны. Згодна гістарычных звестак, гвардзейцы вызначыліся ў вызваленні Мінска, за што напрыканцы ліпеня дывізія была ўдастоена ордэна Леніна. Гэту падзею Васілій Рудзь ужо не застаў – геройскі загінуў у баях за наш райцэнтр.

Няма большай каштоўнасці ў свеце, чым мір і згода, а яшчэ людская спагада і суперажыванне. Нераўнадушнасць і дабрыня аб’ядноўваюць, у якіх бы каардынатах ні знаходзіліся людзі. У планах Яўгенія – наведаць магілу дзеда, якога ніколі не бачыў. Ускладзе кветкі, прывязе сібірскую зямлю – часцінку яго радзімы. Гэта – правільна!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з сямейнага архіва Яўгенія ЯКУШАВА.

Яўгеній ЯКУШАЎ