Работа з людзьмі – жывая работа, ці Абыдземся без трафарэтаў і шаблонаў

Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі, які прыняў удзел у рабоце калегіі,
уручае ўзнагароду начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяне Гагакавай.
Фота Валерыя КАРАЛЯ, газета «Заря»

Пра самае надзённае, актуальнае, злабадзённае – выніковая калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта не толькі падсумавала і прааналізавала зробленае летась, але вызначыла сёлетнія прыярытэты і перспектыўныя напрамкі дзейнасці ідэалагічнага актыву, сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны. Тым больш, што адбылася яна пасля «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», якая стала ўзорам адкрытага і шчырага дыялогу Кіраўніка дзяржавы з народам.


Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч назваў ідэалагічных работнікаў універсальнымі работнікамі, якія павінны адсочваць сітуацыю і своечасова прымаць меры для таго, каб насельніцтву жылося камфортна. Ён падкрэсліў, што ідэолагі вырашаюць вельмі важныя задачы, звязаныя з настроем у калектыве. Яны, вобразна кажучы, робяць зрэз: якія працэсы адбываюцца ў тым ці іншым рэгіёне, як сябе адчуваюць людзі, працаўнікі вытворчасці, сацыяльнай сферы.
Усё гэта і многае іншае прад’яўляе да ідэолагаў пэўныя патрабаванні, сярод якіх – уменне слухаць, чуць, не замоўчваць праблемы, а спрыяць іх вырашэнню.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава пераканана, што асноўным ідэалагічным рэсурсам з’яўляецца інфармацыя, і што попыт на якасную інфармацыю пастаянна расце. Відавочна, што задача ідэолагаў і журналістаў сёння – максімальна выкарыстоўваць даны рэсурс. Пры гэтым кіраўнік галоўнага ўпраўлення вызначыла дзве абавязковыя канстанты: першая – захаванне аператыўнасці, аб’ектыўнасці, праўдзівасці інфармацыі; другая – выкарыстанне тых форм і тых каналаў інфармацыі, якія сёння запатрабаваны людзьмі. Вельмі эфектыўная форма ўзаемадзеяння – дыялог, і выбудоўваць яго трэба максімальна поўна і канструктыўна. Трафарэты і шаблоны не патрэбны ні ў рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, ні ў зносінах прадстаўнікоў улады з насельніцтвам, ні ў сродках масавай інфармацыі.
Не замоўчваць праблемы, а быць на крок наперадзе. У абавязковым парадку патрабуюцца адкрытасць і дакладнае своечасовае рэагаванне, што падкрэсліў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч.

Таццяна Гагакава гаварыла пра выніковасць многіх форм ідэалагічнай работы, у тым ліку маніторынга па выяўленні пытанняў, якія найбольш хвалююць насельніцтва, і вялікія рэзервы ўдасканалення, назвала адрасы найбольш паспяховых праектаў, засяродзіла ўвагу на кадравым патэнцыяле, асобна вызначыла запыты і праблемы маладзёжнай аўдыторыі, неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі. Усе мы летась былі сведкамі і ўдзельнікамі гістарычна важных падзей і дат. Жылі і стваралі пад знакам Года малой радзімы, рыхтаваліся да юбілеяў і адзначылі стагоддзе камсамола і БССР, удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні шыкоўнага Дня беларускага пісьменства ў Іванаве.
Сродкі масавай інфармацыі Брэстчыны ажыццявілі ранейшыя, задумалі і ўвасабляюць у жыццё новыя ідэі. Прыемна, што неаднойчы сярод станоўчых прыкладаў творчай працы начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама называла і «Ляхавіцкі веснік». Нагадаем, у кастрычніку 2018 года нашай раёнцы споўнілася 75 гадоў, што яна адзначыла ў тым ліку пасадкай алеі з 75-ці бярозак і рабін да праваслаўнага храма. Гэта ўсяго толькі адна старонка з багатай гісторыі і выдання, і Ляхавіччыны, і Брэстчыны.
У кантэксце жыцця і падзей – такое патрабаванне часу, падкрэсліла Таццяна Гагакава – неабходна развіваць і ўдасканальваць друкаваныя СМІ, электронныя версіі, актывізавацца ў сацыяльных сетках. Сродкі масавай інфармацыі абавязаны служыць кансалідацыі грамадства. І гэта ёсць высокая мэта і адказная місія, для ажыццяўлення якой патрабуецца свядомасць, сумленнасць, прафесіяналізм і творчасць. Па сутнасці, калегія і дала такі пасыл журналістам.
Як адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк, патрабуецца яшчэ больш цесны кантакт ідэолагаў і СМІ з насельніцтвам, больш якасна несці праўдзівую інфармацыю і аб’ядноўваць людзей. А гэты год абяцае быць насычаным на грамадска значныя падзеі: працягваецца Год малой радзімы, набліжаюцца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзе Брэсцкай вобласці, ІІ Еўрапейскія гульні. І гэта дыктуе надзвычай сур’ёзныя патрабаванні да ідэолагаў і СМІ.
Неардынарнасць падзеі, якой з’яўляецца выніковая калегія галоўнага ўпраўлення, падкрэслівалася месцам яе правядзення: славутыя Тамашоўка і Камароўка, што знаходзяцца ў жывапісных мясцінах Брэсцкага раёна, – малая радзіма касманаўта Пятра Клімука, Героя Беларусі Пятра Пракаповіча – уразілі дагледжанасцю і гасціннасцю. А экскурсія па Музеі касманаўтыкі перапоўніла сэрца гонарам за Брэстчыну і тых, хто ўслаўляе яе аж да зорак.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Валерыя КАРАЛЯ, газета «Заря».