Побач з сябрамі

Вольны час для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі — гэта не толькі магчымасць займацца любімай справай, але і шанц абстрагавацца ад паўсядзённых праблем і намаганняў па іх пераадоленні, сканцэнтравацца на ўласных здольнасцях. Зусім нядаўна аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Ляхавіцкага ТЦСАН пераехала з трэцяга паверха цэнтральнай раённай бальніцы ў адрамантаванае памяшканне на першым. Гэта, безумоўна, вельмі зручна для тых людзей, чые фізічныя магчымасці абмежаваныя. Радуюць вока кабінеты гуртковай работы (нашы гурткоўцы яшчэ з большым энтузіязмам і жаданнем займаюцца творчасцю), пакоі для адпачынку, прасторная кухня. Нядаўна ў аддзяленні праходзіла свята аматараў прыпеўкі і народнай песні «На прызбе». Удзельнікі клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна» і клуба пажылых грамадзян «Залаты ўзрост» пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення гэтага папулярнага жанру народнай творчасці і, канешне, самі спявалі прыпеўкі, слухалі расказ мастацкага кіраўніка «Сівізны» Жанны Абрамовіч. Фінальным акордам сустрэчы сталі задушэўная размова за кубачкам чаю і выкананне любімых песень. Увогуле, жыццё аддзялення разнастайнае і цікавае, багатае на падзеі і запамінальныя імгненні. Нашы наведвальнікі на працягу многіх гадоў пераважна знаходзіліся дома, не мелі сяброў. Цяпер іх жыццё зусім іншае, яны знайшлі не толькі сяброў, але і блізкіх па духу людзей, вучацца жыць у гармоніі з сабой і іншымі. З пачатку ліпеня на базе аддзялення для інвалідаў арганізаваны грамадскія работы, якія аплачваюцца. Папяровыя пакеты і штучныя вырабы з бісеру атрымліваюцца ў іх выдатна.

Жанна ПРЫВОЛЬНЕВА,

спецыяліст па сацыяльнай рабоце

аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *