Наш Панкратавіч. Ёсць людзі, якіх паважаюць. Якімі ганарацца

Ёсць людзі, якіх паважаюць. Якімі ганарацца. Пра якіх успамінаюць, нават калі іх даўно няма на свеце. Усе гэтыя словы можна адрасаваць чалавеку з вялікай літары – Пятру Панкратавічу Бычкову, колішняму старшыні нашага калгаса спачатку імя Сталіна, потым «Беларусь» – цяпер гэта ААТ «Жарабковічы».

1.
2.
Пётр Бычкоў у маі 1945-га і ў маі 1966-га (здымкі 1,2 ).
Пеша, на веласіпедзе, потым на матацыкле – такія транспартныя сродкі былі прывычнымі для маладога старшыні (здымак 4,5).
А яшчэ ён заўсёды паўтараў: з такой памочніцай, як у мяне, усё атрымаецца – гэта пра жонку Людмілу (здымак 3).
3.

Так, ён сапраўдны герой. І як франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першых да апошніх яе дзён, і як ударнік, наватар у мірнай працы. Яго любілі ўсе. І даяркі на калгасных фермах – тут ён у цяжкія пасляваенныя гады імкнуўся аблегчыць працу жывёлаводаў. Пра гэта я даведалася з прачытаных успамінаў былой загадчыцы Жарабковіцкай МТФ Надзеі Лук’янаўны Рамановіч, занатаваных у кнізе «Ёсць край такі» (складзенай былым настаўнікам нашай школы Уладзімірам Міхайлавічам Лаўрэ-навым). Шмат распавядала пра Панкратавіча і мая прабабуля Таццяна Максімаўна Рымко, якая ўсё сваё жыццё працавала ў Гулічах на ферме.
Клопаты старшыні пра абнаўленне машынна-трактарнага парка, які дазваляў апрацоўваць калгасныя землі і атрымліваць высокія ўраджаі, успаміналі ў той жа кнізе шафёры і трактарысты Мікалай Сільвестравіч Арэшка, Васіль Паўлавіч Ждановіч, Уладзімір Рыгоравіч Штундзер.
Наш Панкратавіч, гаварылі вяскоўцы. Ён па-бацькоўску ставіўся да калгаснікаў. Надзея Аляксееўна Грамак, з якой я часта сустракаюся на вуліцы Садовай у Жарабковічах (дапамагаю маме разносіць пошту), успамінае, як яна малодзенькім аграномам прыйшла ў кантору гаспадаркі ўладкоўвацца на працу, як прыняў яе Бычкоў і ўважліва ўспрымаў просьбы, прыслухоўваўся да парад маладога спецыяліста.
З цеплынёй гаворыць пра свайго старшыню Ганна Сяргееўна Несцяровіч, якая ў той час была паляводам. Узгадвае, як Панкратавіч, закасаўшы рукавы, разам з калгаснікамі будаваў дамбу на возеры паміж Жарабковічамі і Зарытавам. Гэту сажалку выкапалі спецыяльна для людскіх патрэб. І пра тое, як закладваў каля калгасных майстэрняў малады парк-сад, дзе маглі б адпачыць пасля напружанай працы механізатары, калгасны сад, што потым радаваў багатымі ўраджаямі.
А як ганарыўся старшыня дасягненнямі гаспадаркі і працаўнікоў. Паважаў людзей, якія не баяліся работы. Радаваўся, як за асабістую перамогу, за ўзнагароды звеннявых Марыі Аляксандраўны Шэлех, Ганны Рыгораўны Кухарчык, Надзеі Яфімаўны Грамак, удастоеных ордэнаў Леніна і «Знак Пашаны». Для яго аўтарытэтнымі былі жывёлаводы, механізатары, паляводы Соф’я Яфімаўна Карповіч, Ніна Серафімаўна Праневіч, Вольга Піліпаўна Ждановіч, Міхаіл Аляксеевіч Барташэвіч і многія-многія іншыя, хто ў тыя нялёгкія часы атрымліваў за ўдарную працу высокія ўрадавыя ўзнагароды.
Энергіі ў Пятра Панкратавіча хапала на ўсё. Патрэбна было ссяліць жыхароў з хутароў ля вёскі Зарытава – гэта каштавала і здароўя, і нерваў. Не ўсе былі задаволенымі, але старшыня шукаў і зна-ходзіў тыя словы, якія дапамагалі зразумець неабходнасць перамен. Затое, якой прыгожай стала вёска Зарытава!
Пабудавалі новую школу, сельскі Дом культуры, фермы, мехдвор уладкавалі. Заканчвалася ўзвядзенне новай канторы. Справы, справы, бясконцыя справы… І ўсюды ў першых радах – старшыня.
Самым любімым, самым дарагім ён быў для сям’і, у якой і сёння захоўваюцца ягоныя франтавыя ўзнагароды і адзнакі за стваральную працу ў мірны час, у тым ліку ордэн «Знак Пашаны», якім Пётр Панкратавіч быў узнагароджаны ў 1958 годзе. Калгас «Беларусь» неаднаразова ўдзельнічаў у ВДНГ СССР у Маскве, а сам старшыня адзначаны сярэбраным медалём Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў 1964 годзе.
Пра гэта я даведалася з артыкула ў газеце «Ляхавіцкі веснік» (№8 за 31.01.2018 г.), якую захоўваю як архіўныя звесткі пра малую радзіму.
Ідзе час. Многае забываецца. Але памяць пра сапраўднага чалавека, якім я лічу Пятра Панкратавіча, жыве – у сэрцах землякоў…
Гэтая памяць – наша спадчына. І Заслужаны настаўнік БССР Алена Іванаўна Таранда, і былая даярка, узнагароджаная медалём «За працоўную адзнаку» Валянціна Фёдараўна Ждановіч пра той час
расказваюць ахвотна. Іх хаты стаяць насупраць той, дзе жыла сям’я Бычковых. Былі добрымі суседзямі, неаднойчы разам адзначалі Новы год, Першамай і Кастрычніцкае свята. Удзельнічалі ў выступленнях калгаснага хору, арганізатарам якога зноў жа быў старшыня. Іх хор звінеў на ўсю ваколіцу, нічым не саступаў знакамітаму Падлескаму. У 1955 годзе Панкратавіч са сваімі харыстамі ездзіў на выступленні ў Мінск, дзе калектыў быў высока адзначаны. А яшчэ, успамінае Алена Іванаўна, старшыня быў вельмі сціплым чалавекам. Ніколі не чакаў узнагарод, слоў падзякі. Проста аддаваў сваё сэрца і душу служэнню людзям. Як дарагую рэліквію Алена Іванаўна захоўвае кнігу Васіля Праскурына «Горкія травы», якую падарыў ёй Бычкоў на яе трыццацігоддзе.
Наш Панкратавіч – такім ён застаўся ў памяці аднавяскоўцаў, іх дзяцей і ўнукаў. Такога адданага Радзіме і людзям чалавека сустрэць у жыцці – шчасце.

Франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першых да апошніх яе дзён. Ударнік, наватар у мірнай працы.
Яго любілі ўсе.
Наш Панкратавіч – такім ён застаўся ў памяці аднавяскоўцаў, іх дзяцей і ўнукаў. Такога адданага Радзіме і людзям чалавека сустрэць у жыцці – шчасце.

Вікторыя КЕНДЫШ,
вучаніца Жарабковіцкай СШ.

4.
5.