Пасуботнічаем! 20 красавіка ў Беларусі аб’яўлены рэспубліканскі суботнік. У гэты ж дзень ляхавічане выйдуць і на раённы суботнік

Фота з архіва «ЛВ»

Даўняя традыцыя – працаваць на добраўпарадкаванні талакою. 20 красавіка ў Беларусі аб’яўлены рэспубліканскі суботнік. Гэта вызначана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2019 года. Працоўны дэсант сёлета прысвечаны Году малой радзімы, а таксама падрыхтоўцы да святкавання 75-гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты ж дзень ляхавічане выйдуць і на раённы суботнік.

Будуць разам шчыраваць на сваіх рабочых месцах, падведамасных тэрыторыях, наводзіць чысціню і парадак на вуліцах райцэнтра, у аграгарадках і вёсках, вакол месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падрыхтоўваць да летняга сезона дзіцячы аздараўленчы лагер “Чайка”. 

Ляхавічане папрацуюць  на добраўпарадкаванні палацава-паркавых  ансамбляў «Грушаўка», «Нача», парку «Рэпіхава».

Грошы, заробленыя на суботніку, пойдуць на важныя справы: рамонт, рэстаўрацыю, аднаўленне і падтрыманне ў парадку помнікаў гісторыі і культуры, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Фінансавыя сродкі будуць накіраваны і на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя, культавых будынкаў і іншых арганізацый, развіццё дзіцячай творчасці, правядзенне культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў і канцэртаў. Будзе выраблена сувенірная прадукцыя з выкарыстаннем сімволікі раёна.

Грашовыя сродкі, заробленыя на суботніках, у добраахвотным парадку пералічваюцца на рахунак раённага выканаўчага камітэта (р/р BY36AKBB36416079100621300000 у ЦБП 117 г.Ляхавічы, філіял 802 ААТ “ААБ Беларусбанк” г.Баранавічы, код AKBBBY21802, УНП 200058350).