Прыём грамадзян з каментарыямі і дапаўненнем для маладых

Фота з архіва Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў

Час паказаў, што для маладога пакалення важна моцнае аўтарытэтнае плячо побач, людзі, якія ў моманты разгубленасці і неразумення могуць падтрымаць, накіраваць, падказаць, даць магчымасць рэалізаваць сябе, хто навучыць і падзеліцца вопытам.

Маладыя дэпутаты Брэстчыны не прапускаюць ніводнага шанца павучыцца ў сваіх старэйшых калег, прыслухацца, пабыць разам у працоўных сюжэтах, паўдзельнічаць нараўне і выказаць сваё меркаванне. Менавіта такім быў дзень  6 сакавіка для членаў Маладзёжнага парламента  пры абласным Савеце дэпутатаў.
Пачуць чалавека, паглыбіцца ў яго праблему, вывучыць яе дасканала, выслухаць меркаванні ўсіх бакоў, узважыць усе за і супраць, вызначыць варыянты вырашэння, выбраць лепшы, які будзе максімальна на карысць грамадзянам і краіне, – падчас прыёму грамадзян старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктарам Лісковічам вырашаліся разнапланавыя пытанні. Паглядзець працэс знутры, павучыцца таму, як правільна будаваць зносіны з грамадзянамі, убачыць спектр праблем, якія вырашае дэпутат, зразумець, што многія праблемы мясцовага характару – гэта праекцыя на кожны рэгіён, а шматлікія станоўчыя моманты дастойныя таго, каб прагучаць на ўзроўні рэспублікі. Развіццё праекта «Квартал на Васняцова», які аб’яднаў пяць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Брэсце, правядзенне фестывалю для такіх дзіцячых дамоў, арганізацыя харчавання ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах – гэтыя і іншыя пытанні гучалі падчас прыёму грамадзян. Галоўнае, што ні адно ўзнятае брастаўчанамі пытанне не застанецца без увагі прадстаўнікоў улады. Для маладых парламентарыяў Віктар Андрэевіч тлумачыў, дэталізаваў пытанні, складаныя моманты, засяроджваў увагу моладзі на важных грамадска-палітычных аспектах – такі прыём грамадзян для рабят стаў сапраўдным практычным заняткам.
Як прагучала пасля, важна, каб члены Маладзёжнага парламента розных узроўняў таксама прымалі ўдзёл у прыёмах грамадзян ці прамых лініях у сваіх рэгіёнах.
Віктар Лісковіч адзначыў, што з моладдзю сёння трэба размаўляць, як з роўным субяседнікам, ведаць, чым яна жыве, і быць з ёй на адной хвалі. Нездарма многія прапановы, ідэі ад актывістаў Віктар Лісковіч чэрпае з Instagram-акаўнта, дзе мае актыўныя зносіны з моладдзю.
Дыялогавая пляцоўка, дзе прынялі ўдзел Віктар Лісковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк, паказала, што маладыя парламентарыі Брэстчыны бязмерна любяць сваю Беларусь і на справе гэта даказваюць, зацікаўлены ў прафесійным росце і ўдасканаленні. Шматлікія праекты, акцыі, фестывалі, дыскусійныя пляцоўкі, адкрытыя дыялогі на праблемныя тэмы – далёка не поўны пералік спраў, у якіх задзейнічаны маладыя дэпутаты Брэстчыны. Як адзначыла старшыня Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў Юлія Рагашчук, ні пандэмія, ні грамадска-палітычныя падзеі, ні іншыя абставіны не здолелі перашкодзіць дзейнасці гэтай маладой структуры.
Падчас работы дыскусійнай пляцоўкі гучалі мерапрыемствы з ляхавіцкім адрасам.
Высокі кадравы патэнцыял Маладзёжнага парламента адзначыў Генадзій Барысюк. Маладыя людзі ведаюць, як сябе прэзентаваць, ведаюць, чым жадаюць займацца і кім сябе бачаць. Галоўнае – жаданне працаваць, энергія і адчуванне запатрабаванасці тваіх памкненняў даюць магчымасць рухацца па кар’ернай лесвіцы, і падтрымка з боку дзяржавы адчувальная.
Маладыя дэпутаты не спыняліся ў пытаннях – цікавіліся магчымасцю павялічыць узроставую мяжу членаў МП да 35 гадоў (дарэчы, такая практыка ўжо ў некаторых раёнах прысутнічае), магчымасцю ўкараніць абласны адукацыйны праект «Школа дэпутата» на раённым узроўні і іншымі. Канешне, цікавілася моладзь і тым, чым напоўнена жыццё дэпутата, як можна ўсюды паспяваць і працаваць, як гаворыцца, 24 на 7, пры гэтым вырашаць пытанні розных планаў і розных сфер.
Калі б не рэгламент, дыскусійная пляцоўка зацягнулася б не на адну гадзіну. У захапленні ад размовы, аўтарытэтных спікераў, тэм і пытанняў юнакі і дзяўчаты дзяліліся эмоцыямі з журналістамі розных СМІ. Пажаданне адно – каб такіх сустрэч было больш.
Меркаванне Віктара Лісковіча, што кожны школьнік павінен наведаць месцы, якія лічацца свяшчэннымі для кожнага беларуса, – гэта і культурна-гістарычныя помнікі, сведкі мужнасці нашых салдатаў і трагічнасці падзей 1941 – 1945 гадоў, і іншыя, падтрымалі і члены дыскусійнай пляцоўкі.
Сімвалічна, што маладыя дэпутаты разам з Віктарам Лісковічам і Юрыем Наркевічам усклалі кветкі да галоўнага манумента Брэсцкай крэпасці. У гэтым месцы ўсё пранізана болем, страхам і адзіным жаданнем – гэта не павінна паўтарыцца. Колькі разоў ні наведваў бы гэта дарагое месца для кожнага беларуса, заўсёды паглыбляешся думкамі, сэрцам, пачуццямі ў гэту гістарычную атмасферу –
тысячы салдатаў, чые імёны вядомыя і невядомыя, паклалі жыццё дзеля кожнага, хто сёння мае магчымасць радавацца міру. Гэта не штатная экскурсія, гэта тое, дзеля чаго сёння нам варта жыць.

Маргарыта КУХТА,
член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным
сходзе Рэспублікі Беларусь.