Здароўе пачынаецца з… носа

Жыхары нашага горада і раёна добра ведаюць Васілія Гарбачова. Ён – отарыналарынголаг, а гэта значыць – урач і для дзяцей, і для дарослых. Да яго звяртаюцца з захворваннямі носа, горла, вушэй, у халодную пару – з прастуднымі захворваннямі, вясной і летам – з алергіяй.
Доктар ахвотна згадзіўся пагаварыць пра здароўе, найбольш частыя прычыны звароту ў лор-кабінет і пра простыя сакрэты прафілактыкі многіх захворванняў.

– Васілій Віктаравіч, чаму пры прастудзе знікае голас? Як гэта лечыцца?
– Прычын можа быць шмат. Часцей за ўсё гэта інфекцыйныя захворванні. З-за запаленчага працэсу галасавыя звязкі ацякаюць і не змыкаюцца. У выніку чалавек сіпіць, хрыпіць, страчвае голас.
Чым гэта лячыць? Па-першае, прызначанымі ўрачом процізапален-чымі і антыгістаміннымі прэпаратамі, фізіятэрапеўтычнымі працэдурамі. Дома можна рабіць інгаляцыі, піць цёплую (не гарачую!) гарбату, спрыяе аздараўленню вільготнае паветра.
Але, як вы сказалі, «знікненне голасу» можа быць прыкметай і іншых захворванняў. Трэба абавязкова звярнуцца да ўрача.
– Па тэлевізары часта рэкламуюць кроплі і спрэі для носа. Іх звычайна купляюць без кансультацыі з урачом. Наколькі яны бясшкодныя?
– Спрэяў і кропель зараз сапраўды шмат, але да іх выбару трэба падыходзіць індывідуальна і кансультавацца з урачом. Усё залежыць ад пацыента і яго захворвання. Шмат спрэяў і солевых раствораў, якія добра уплываюць на слізістую абалонку носа. Таксама ёсць спрэі для тых, хто пакутуе алергіяй, з невялікай прысутнасцю гармонаў.
Карыстацца кроплямі і спрэямі рэкамендуецца не больш тыдня. Доўгае выкарыстанне можа прывесці, напрыклад, да развіцця гіпертрафічнага рыніту, які лечыцца ўжо аператыўным шляхам. Бываюць і выключныя выпадкі, калі закапваць нос трэба месяцамі і нават гадамі, але толькі пад наглядам урача.
Ці ёсць карысць ад прамывання носа і горла растворам з марской соллю?
– Гэта добры сродак прафілактыкі прастудных захворванняў і ВРЗ. У салявы раствор для большага эфекту можна дадаць некалькі кропель ёду.
Як вы ставіцеся да парад народнай медыцыны?
– Важна прытрымлівацца прынцыпу «не нашкодзь». Я магу расказаць адну гісторыю, пра якую чуў ад калег. Да іх звярталіся жанчына, якая рабіла сабе ад радыкуліту спіртавыя кампрэсы з пралесак і атрымала апёкі 2-3 ступені, а другая давяла сябе да інфаркту.
Да нас часта прыходзяць пацыенты, каб дастаць з носа рэшткі часнаку, з вушэй – герань з ватай. Такое лячэнне можа прывесці да вельмі сумных вынікаў. Я раю з любой праблемай звяртацца да ўрачоў, а не займацца самалячэннем.
– Наколькі шкодна слухаць музыку ў навушніках і доўга размаўляць па тэлефоне?
– Атолагі (урачы, якія займаюцца хваробамі вушэй) прагназуюць, што ў гэтым стагоддзі пацыентаў з парушэннем слыху стане ў паўтара раза больш. Слыхавы нерв таксама патрабуе адпачынку, а такія нагрузкі, як гучная музыка, крык у мабільным тэлефоне, раздражняюць яго. Мая парада: мабільныя тэлефоны і навушнікі лепш выкарыстоўваць па мінімуму. Таксама ў групе рызыкі знаходзяцца маладыя людзі, якія любяць наведваць забаўляльныя ўстановы з гучнай музыкай.
Яшчэ адзін «гарачы» сезон для нас – навагоднія святы. У маёй практыцы быў выпадак, калі ад выбуху петарды ў чалавека пару-шылася цэласнасць барабаннай перапонкі. А гэта даволі сур’ёзная траўма: з-за выбуху адбываецца кантузія слыхавога нерва. Лячэнне такіх траўмаў можа быць як медыкаментознае, так і хірургічнае.
– Што рабіць, калі ў вуха трапіла вада і яно баліць, а пайсці да ўрача няма магчымасці?
– Мая парада: калі са слухавога праходу няма ніякіх выдзя-ленняў, можна прымяніць леваміцэцін. Намачыць ватку ў растворы і закласці ў вушка. Калі ж выдзяленні ёсць, лепш нічога не прадпрымаць, а хутчэй звярнуцца да ўрача.
Дарэчы, не рэкамендую карыстацца ватнымі палачкамі для ачышчэння вушэй, у тым ліку з-за верагодных траўмаў барабаннай перапонкі.
– Многія мамы задаюцца пытаннем, выдаляць дзецям адэноіды ці не і калі гэта рабіць? А міндаліны?
– На мой погляд, выдаляць адэноіды трэба ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца непасрэднай прычынай захворванняў (атытаў, насмарку, цяжкага дыхання носам, спынення дыхання ў сне).
Наконт міндалін. Па-першае, трэба вызначыцца: ці з’яўляюцца яны крыніцай інфекцыі. Пацыент накіроўваецца на пэўныя аналізы, якія паказваюць, ці часта чалавек хварэў ангінай, ці былі нейкія ўскладненні. З агульнай карціны і вызначаецца, трэба аператыўнае ўмяшанне ці не.
– Пацыенты з дыягназам гаймарыт часта адмаўляюцца рабіць пракол. Што параіце вы?
– Я за пракол. Ён невялікі, загойваецца хутка і ніякіх наступстваў для арганізма. Пасля праколу доктар прамывае насавую пазуху і можа вызначыць, якімі антыбіётыкамі гаймарыт лячыць. Выздараўленне наступае хутчэй. Але адназначна: самім лячыць гаймарыт ні ў якім разе нельга.
– Увесну і ўлетку ў многіх людзей праяўляецца алергія. Ці можа ЛОР дапамагчы вырашыць гэтую праблему?
– Алергія лечыцца ў комплексе. Працаваць з пацыентамі павінны алерголаг і ЛОР, таму што часта алергічны рыніт працякае разам з бранхіяльнай астмай.
– Многім знаёма такая праблема, як храп. Ён можа ператварыць сон ў кашмар для чалавека і яго блізкіх. Адкуль гэты «вакал» бярэцца, і як ад яго можна пазбавіцца?
– Храп – сур’ёзная паталогія. Прычын яе ўзнікнення шмат: лішняя вага, узрост, адэноіды і іншае. На прыёме ў отарыналарынголага вызна-чаецца алгарытм дзеяння. Пры неабходнасці пацыент накіроўваецца ў рэспубліканскі спецыялізаваны медыцынскі цэнтр.
А калі праблема ў лішняй вазе, то ў першую чаргу чалавеку трэба заняцца сабой і пазбавіцца непатрэбных кілаграмаў.
Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.