Працоўны марш энтузіястаў

Каля 3 мільёнаў беларусаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку 20 красавіка. Працоўныя дэсанты займаліся навядзеннем парадку, добраўпарадкаваннем, азеляненнем, шчыравалі на рабочых месцах.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў гэты дзень высаджваў дрэвы на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна».
Па меркаванні Кіраўніка дзяржавы, сёння ў Беларусі не шмат людзей лічаць суботнікі перажыткам мінулага. Аднак, калі ў краіне толькі пачыналі адраджаць гэту даўнюю савецкую традыцыю, Прэзідэнту прыйшлося «фактычна ўгаворваць» людзей. «Добра, што ў нас ёсць людзі старэйшага пакалення, якія хадзілі на суботнікі, якія тады іх шанавалі і шануюць дасёння. Яны мне здорава дапамаглі. Яны пайшлі следам за мной, а за намі пацягнулася наша моладзь – яна чулая на добрае, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта ў рэчышчы той палітыкі, якую заўсёды прапаведаваў: нельга нічога перакрэсліваць са сваёй гісторыі, бо гэта ў нас было, з таго мінулага трэба ўзяць усё лепшае. Я лічыў, што суботнік – гэта тое лепшае з мінулага, што мы павінны прыўнесці ў цяперашняе».
У дзень суботніка ў Полацку разам з актывам раёна, прадстаўнікамі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, ветэранамі і моладдзю прымала ўдзел у закладцы ліпавай алеі на Кургане Бессмяроцця Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, а старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч – Алеі Памяці ў Снове ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На будаўніцтве храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў Мінску працавалі работнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на чале з намеснікам старшыні Баляславам Пірштуком займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».
Больш за 300 бярозак пасадзілі ў гэты дзень прадстаўнікі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

А прафактыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чале са старшынёй Міхаілам Ордам традыцыйна суботнічаў на ўборцы тэрыторыі Кургана Славы.
Над падрыхтоўкай інтэрнатаў Студэнцкай вёскі да ІІ Еўрапейскіх гульняў шчыравалі супрацоўнікі апарата Міністэрства адукацыі.
Актыўна ўдзельнічалі ў рэспубліканскім суботніку афіцэры Міністэрства абароны і Генеральнага штаба Узброеных Сіл, МУС, Следчага Камітэта, літаральна ўсіх ведамстваў і службаў, усіх прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый.

У Брэсце падчас рэспубліканскага суботніка добраўпарадкавалі аб’екты, узведзеныя да тысячагоддзя абласнога цэнтра.
Старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс разам з работнікамі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта шчыраваў на тэрыторыі сярэдняй школы, якая будуецца ў Зарэчным мікрараёне Брэста. Таксама брастчане прыводзілі ў парадак Заходні абход, Кобрынскі мост, Парк тысячагоддзя, Гарадскі сад, Брэсцкую крэпасць і іншыя аб’екты.
«Арыентуемся, што ў гэтым годзе ў суботніку прымуць удзел больш за 400 тысяч чалавек, будзе зароблена больш за Вr1 мільён. Палову застаўшыхся ў распараджэнні вобласці сродкаў накіруем перш за ўсё на добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Гэта асабліва значна ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі. Грошы будуць выдзелены і на іншыя мэты, у тым ліку на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да летняга сезона», – сказаў Анатолій Ліс.
Па словах губернатара, красавіцкія суботнікі для беларусаў сталі добрай традыцыяй.
«Мы заўсёды вясной наводзім парадак. У Брэсцкай вобласці ўжо высаджана мноства дрэваў, кустоў і кветак, і далей прадоўжым работу. Мы павінны займацца гэтым, і перш за ўсё прывучаць да гэтай працы маладое пакаленне», – падкрэсліў ён.
Да працоўнай акцыі далучыліся жыхары ўсіх раёнаў вобласці. Ляхавіцкі – у тым ліку.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Разам па сілах любая справа. А сёлетняя ляхавіцкая суботнічная талака – гэта больш за 9100 нераўнадушных землякоў. Сярод галоўных аб’ектаў чыстай суботы ў раёне сталі тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля «Грушаўка», комплексу былой сядзібы Чарноцкіх у аграгарадку Нача, Рэпіхаўскага парку.
20 працоўных калектываў раёна шчыравалі ў грушаўскіх каардынатах. Зрабіць утульнай і прывабнай турыстычную іскрыначку нашага раёна стараліся ўсе. Трапна выказаліся работнікі льнонасенстанцыі: маўляў, сюды прыбылі з «чыстым» намерам і рады гэтаму. Старая капліца ў красавіцкую раніцу таксама сустрэла не турыстаў, а працоўны дэсант з аддзела па адукацыі райвыканкама. Далучыўся да яго і старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік.
На тэрыторыі комплексу былой сядзібы Чарноцкіх у Начы працавалі шэсць калектываў: высякалі сухія дрэвы і галінкі, зграбалі старое лісце, фарбавалі, бялілі.
Любімае «Рэпіхава» таксама памаладзела. І «вінаватыя» ў гэтым  12 калектываў, якія наводзілі тут парадак.
Не заўважыць, як, дзякуючы суботніку, змяніўся райцэнтр, немагчыма. Асабліва выразна-інтэнсіўна ішоў працэс у зоне адпачынку на рацэ Ведзьма. Тут на чале з кіраўніком раёна Аляксандрам Камінскім шчыравалі супрацоўнікі райвыканкама і «ЛВ». А некалькі дзён да гэтага сваю руку сюды прыклаў і жылкамунгас: з’явіліся раздзявальні ўласнай вытворчасці ў форме ракавінак.
Дарэчы, працавалі камунгаснікі і на ўездзе ў горад з боку Русінавіч – пасадзілі бярозавую алею. А па другі бок дарогі завіхаліся на навядзенні парадку работнікі ПМК-13.
Уявіце, што суботнія клопаты ператварыліся ў сотню пасаджаных дрэў, пяцьдзесят кустоў, у аформленыя кветнікі. Прыкладна 50 вулічных квадратных метраў цяпер з адмецінай «адрамантаваны». Больш чым паўтара кіламетра дарог прагрэйдзіраваны.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.