Таццянін дзень

Таццяна Абражэвіч (у першым радзе) і яе калегі.

На ўдзел у конкурсах па ахове працы, энергазберажэнні, на лепшы калектыўны дагавор і інш. заяўлена прафсаюзная пярвічка СШ № 1? Значыць абавязкова будзе калі не першынство, то дакладна месца ў тройцы прызёраў. Такая добрая традыцыя. А за ёй будні клопатаў, падрыхтоўкі, актыўная грамадская работа і цвёрдая пазіцыя. Вось сапраўды – да ўсяго ёсць справа. Гэта і пра прафсаюзнага важака Таццяну Абражэвіч, якая ўжо 13 гадоў узначальвае пярвічку, і пра яе шчодрую на добрыя пачынанні каманду.

– Сярод маіх надзейных, незаменных памочнікаў Вольга Дыдышка, Алена Собаль, Іна Бортнік. Увогуле, у нашай школе надзвычай дружны калектыў. І амаль стопрацэнтнае членства ў прафсаюзе таму яскравае пацвярджэнне, – сцвярджае Таццяна Анатольеўна.
На пазіцыях сацыяльнага партнёрства пабудаваны адносіны паміж школьным прафкамам і адміністрацыяй навучальнай установы. Дзейсна працуе калектыўны дагавор, які з дырэктарам установы ад імя калектыву заключае старшыня прафкама.
– Таццяна Анатольеўна з тых, хто ведае, як абараніць правы і інтарэсы калег, умее дапамагаць словам і справай. Яна лёгка знаходзіць агульную мову і з тымі, хто даўно працуе ў школе, і з навічкамі. Актыўна ўдзельнічае ў рабоце райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, – расказвае дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак.
Арганізаваць працоўны дэсант ці экскурсію, павіншаваць калег з адметнай датай ці юбілеем, ушанаваць ветэранаў працы – прафсаюзнай пярвічцы школы падказка не патрэбна. А з якім натхненнем бяруцца за новае! Летась упершыню пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прайшоў рэспубліканскі конкурс «Прафлэдзі-2018». Сярод дзевяці дзясяткаў удзельніц былі і дзве прадстаўніцы Ляхавіцкага раёна: дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак і настаўніца беларускай мовы і літаратуры, старшыня прафкама СШ № 1 Таццяна Абражэвіч. Таццяна Анатольеўна сярод 15-ці лепшых.
Гэты і наступны тыдзень для яе асабліва напружаныя. У сераду разам з актывістамі прафсаюза сэлфіліся каля знака «Я люблю Ляхавічы». Фота адправілі на конкурс, прымеркаваны да 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, у газету «Беларускі час». Узялі старт  у рэспубліканскай акцыі «Дзякуй за  працу!» – рыхтуюць віншавальныя паштоўкі для былых работнікаў школы. А 1 мая, у святочны Дзень працы, Таццяна Абражэвіч будзе прымаць віншаванні, на гэты раз у Брэсце, як пераможца абласнога агляду-конкурсу на лепшую прафсаюзную арганізацыю па пытаннях аховы працы ў намінацыі «Лепшы грамадскі інспектар». Дарэчы, наша гераіня сцвярджае, што ў яе два прафесійныя святы – Дзень настаўніка і Дзень працы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.