Гонар і любоў, якія акрыляюць

Май шчодры на святы, у тым ліку вялікія, што праходзяць надзвычай урачыста і шматлюдна. У мінулую нядзелю краіна адзначыла Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Ляхавічане раніцай 12 мая  сабраліся на галоўнай плошчы райцэнтра, каб ушанаваць дзяржаўныя сімвалы, выказаць павагу да гісторыі, культуры сваёй краіны.
З віншаваннямі да землякоў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
Ганаровае права падняць над горадам Дзяржаўны сцяг па традыцыі прада-стаўляецца заслужаным шаноўным людзям, якія сваю любоў да Радзімы пацвярджаюць канкрэтнымі стваральнымі справамі. На гэты раз да флагштока запрасілі дырэктара ДП «Нача» Мікалая Тарлюка, які летась указам Прэзідэнта быў адзначаны дзяржаўнай узнагародай – медалём «За працоўныя заслугі».
Права падняць сцяг Брэсцкай вобласці дэлегавалі таленавітаму педагогу Жарабковіцкай СШ Галіне Бунель, чые вучні неаднойчы прыемна здзіўлялі сваімі ведамі па біялогіі на разнастайных абласных і рэспубліканскіх школьных іспытах.
Як чарговае пацвярджэнне таму, што ў нас пільна і зацікаўлена сочаць за поспехамі маладых і перспектыўных, падняць сцяг Ляхавіцкага раёна даверылі юным – адзінаццацікласніку СШ №1 Эдуарду Казаку і сямікласніцы Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу Дар’і Наскавец. Рабяты – гонар не толькі сваёй сям’і і школы, а і ўсёй Ляхавіччыны: Эдзік – пераможца абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу навукова-даследчых работ навучэнцаў, пераможца абласнога і фіналіст рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі»; Даша перамагла ў рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў і рэспубліканскай акцыі «Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі».
Сардэчныя прызнанні ў любві да Радзімы, у тым ліку малой, – не толькі ўголас, але і ў думках – пад урачыстыя гукі дзяржаўнага гімна. А патрыятычны рэпертуар лепшых самадзейных калектываў і сонечнае надвор’е стваралі ў гэты дзень асаблівы настрой, які натхняе і акрыляе.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ