Пра шчаслівыя званок і білет. Адзінаццацікласнікі з ляхавіцкіх школ пабывалі на рэспубліканскай урачыстай лінейцы

Для 21 адзінаццацікласніка з ляхавіцкіх школ апошні званок сёлета гучаў найбольш звонка і моцна – нашы юныя землякі ў складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці пабывалі на рэспубліканскай урачыстай лінейцы ў Оршы. У цэнтр маладзёжнай сталіцы з’ехаліся больш за 1700 выпускнікоў з усіх рэгіёнаў – лепшыя з лепшых.

– Столькі шчаслівых, прыгожых адзінаццацікласнікаў са стужкамі, шарыкамі і флажкамі! Было хвалююча і незабыўна. Прывітанне Прэзідэнта выпускнікам зачытаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Гэта свята назаўсёды ў іх лёсах, – падзялілася з «ЛВ» галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.
У складзе дэлегацыі Ляхавіцкага раёна – школьныя актывісты, спарт-смены, выдатнікі. Яны вызначыліся ў конкурсах, спаборніцтвах, навукова-практычных канферэнцыях абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Пераможца абласнога, фіналіст рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Эдуард Казак з СШ №1 не хавае задавальнення:
– На такім свяце, упэўнены, рады быў бы апынуцца любы школьнік. Эмоцыі самыя феерычныя. Мноства моладзі, вядомыя людзі побач з табою! Цікава было сустрэцца з равеснікамі з іншых гарадоў, пачуць пра іх планы. Я хачу стаць настаўнікам хіміі і біялогіі. Ведаю, што педагог павінен пастаянна самаўдасканальвацца, і гатовы да гэтага.
Дыпламант трэцяга этапу рэспуб-ліканскай алімпіяды па беларускай мове гімназістка Аляксандра Праневіч адзначае, што ўдзел ва ўрачыстасцях у Оршы – шчаслівы білет і добры знак. Саша марыць стаць юрыстам, быць карыснай сваёй краіне.
А Аліна Жывіцкая з СШ № 2 з дзяцінства захапляецца турызмам, таму і далейшае жыццё жадае звязаць з ім.


Сярод сямі педагогаў краіны, якія былі адзначаны Падзякай міністра адукацыі, – і настаўніца СШ № 1 Наталля Сідор. Такога гонару яна ўдастоена за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у выхаванне вучнёўскай моладзі, актыўную грама-дзянскую пазіцыю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.