Ціха! Ідуць экзамены!

У першы тыдзень лета ў школах пануе дзелавая мітусня: выпускнікі дзявятых і адзінаццатых класаў здаюць экзамены.

У 268 малодшых рабят у раскладзе тры іспыты – дыктанты па беларускай, рускай мовах і кантрольная па матэматыцы. А, напрыклад, Дар’я Дзямід з СШ № 2 будзе здаваць усяго два экзамены, па рускай мове ў яе ўжо стаіць «выдатна» за перамогу ў абласным этапе прадметнай алімпіяды.

Такую ж перавагу, але па беларускай мове, сваімі трывалымі ведамі заслужылі адзінаццацікласніцы Кацярына Дыдышка (Ліпская СШ) і Аляксандра Праневіч (гімназія). Наогул жа, 184 выпускнікі гэтымі днямі пісьмова дэманструюць сваё веданне беларускай і рускай моў, матэматыкі, а таксама здаюць іспыты па замежнай мове і гісторыі Беларусі. У пятніцу ў іх апошні экзамен.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея Варановіча.