У стылі лофт: дзёрзка і экстрасучасна. Гэта пра кафэ «Еда & Кофе», якое на мінулым тыдні адкрылася ў Ляхавічах

Апошні тыдзень запісы ў сацыяльных сетках з  ляхавіцкай геалакацыяй проста стракацелі фотаздымкамі, відэасюжэтамі з адкрыцця кафэ «Еда & Кофе» і каментарыямі «супер», «клас», «ацанілі». А фотарэпартаж на сайце «ЛВ» – у топе самых папулярных публікацый.
Ляхавічане на працягу месяца назіралі, як з кожным днём будынак па адрасе вуліца Леніна, 30 набывае новае аблічча, меркавалі, чым здзівіць спажывецкая кааперацыя.
У райцэнтры стала яшчэ на адну смачную кропку больш.

Гучыць музыка, публіка ў прадчуванні – хочацца хутчэй ацаніць-пакаштаваць рай-поўскія навінкі. Імгненні – і сімвалічная чырвоная стужка больш не перашкода, каб наведаць кафэ. Яе перарэзалі старшыня праўлення райпо  Васілій Некрашэвіч, намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Ларыса Казлова, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран.
«Ваў!» – такая першая рэакцыя ляхавічан на новае месца адпачынку ў горадзе. Што і казаць, стылісты папрацавалі над дызайнам. Дарэчы, гэта адзінае кафэ ў горадзе ў стылі лофт… І, як аказалася, не толькі. Але пра ўсё па парадку.
Неатынкаваная цэгла, у якасці арт-аб’ектаў – вытворчае абсталяванне, ультрамодная, ультрасучасная мэбля з налётам лёгкай вінтажнасці. Галоўная мэта і прызначэнне лофт-дызайну – стварыць прасторнае, светлае, утульнае памяшканне – тут вытрыманы бездакорна. Надзвычай цікавы і арыгінальны штрых – фотаздымкі на сценах, якія адлюстроўваюць гісторыю горада. І, калі будзе неабходнасць, пра кожны сюжэт супра-цоўнікі кафэ раскажуць больш падрабязна.
А што ўжо гаварыць пра тэрасу! Яна ідэальная і, самае галоўнае, стане ўніверсальным месцам, якому прыемна даверыць свой абедзенны перапынак, ранішнюю пяціхвілінку бадзёрасці і нават больш значную падзею,  напрыклад, святкаванне дня нараджэння. Стыль і тут ва ўсім. Звычайныя паддоны –  толькі ў апрацоўцы – цяпер дызайнерскія столікі і канапы. У акружэнні кветак і ў суправаджэнні лёгкай музыкі гэта месца, упэўнена, стане любімым для многіх ляхавічан. І, між іншым, класнай фотазонай.


Цяпер пра кухню. Аматары кававых напіткаў будуць у захапленні ад прапаноў. Больш за дзясятак бадзёрых рэцэптаў можна пратэсціраваць у «Еда &Кофе» і выбраць любімы. Эспрэса, амерыкана, капучына, флэт уайт, карамельная кава, ванільны фрапэ. Пры тым кошт таксама «смачны»: ад 1 рубля 50 капеек да 3 рублёў 50 капеек. Асабліва парадаваліся маленькія гурманы: цяпер у Ляхавічах ёсць мілкшэйкі з самымі рознымі напаўняльнікамі.
У спякоту можна спаталіць смагу ліманадамі. Выбірайце, з якім смакам: кавун з базілікам, лясныя ягады з мятай, маліна з імбіром, вішня з мятай…
З напіткамі зразумела: духмяная кава – і пару хвілін рэлаксу вам забяспечаны. Парадуе і тое, што на «другое»: фірменны блэк бургер (4 рублі), хот-дог (3 рублі) і іншае задаволяць самыя разнастайныя запыты. А дэсерт давядзецца выбіраць не адну хвіліну – усё такое апетытнае! Асартымент шыкоўны: эклеры, пончыкі, пірожныя, торцікі і нават макаруны. Працуе кафэ з 10.00 да 23.00.
Для горада такая падзея –  маленькае свята. З ім і павіншаваў ляхавічан намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. А кіраўнік райпо паабяцаў, што кафэ будзе імкнуцца здзіўляць сваіх кліентаў цікавымі стравамі і, канешне, праграмай адпачынку.
Такі падарунак горад атрымаў ад райспажыўсаюза напярэдадні Дня Незалежнасці краіны.
Аб’екты грамадскага харчавання пад брэндам «Еда & Кофе» адкрыты ў чатырох гарадах Брэстчыны. Аднак ляхавіцкае кафэ – установа новага фармату і пакуль адзіная ў такім стылі ў вобласці, адзначыла Ларыса Казлова.
А ляхавічанкі Вольга Шклянік і Людміла Страмавус кафэ ацанілі ў першы дзень работы, а пасля дэгустацыі кавы і эклераў запэўнілі, што ў планах пакаштаваць усё.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

ФАКТ

У першую суботу ліпеня спажывецкая кааперацыя адзначае сваё прафесійнае свята. Сёння на Ляхавіччыне ў сістэму райпо ўваходзяць дзевяць прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 61 рознічнае гандлёвае прадпрыемства, шэсць аўталавак, філіялы «Кааптранс»
і «Кааппрам».