На добры ўраджай! Хлебны марафон на Ляхавіччыне аб’яўляецца адкрытым. Першая жніўная проба – на начаўскіх палетках з трыцікале

Па традыцыі першы зажыначны сноп уручылі кіраўніку раёна Аляксандру Камінскаму.

Залатая ніва вабіць налітым коласам. Імгненне – і на ўрадлівых палетках па-гаспадарску ашчадна і рупліва пачнуць шчыраваць галоўныя героі гарачых жніўных дзён. Хлебаробы разумеюць: з гэтага моманту іх расклад падпарадкаваны выключна жніву і будуць рабіць усё, каб атрымаць багаты каравай. Па традыцыі старт уборачнай кампаніі даюць яркія святочныя зажынкі. Сёлета – у ДП «Нача».

Хвалююцца ўсе, хто мае дачыненне да жніва. Механізатары (дарэчы, у гэты дзень яны апрануліся па тэматычна-стыльным дрэс-кодзе) абяцаюць адпрацаваць на ўсе сто працэнтаў і нават больш. Спадзяванні на тэхніку – няхай і яна не падвядзе. А яшчэ, канешне, на надвор’е: хочацца, каб яно спрыяла хлебаробам.
«…Няхай радаснай працай напоўніцца край» – разлятаюцца над полем трыцікале каля Патапавіч напевы фальклорнай групы «Вяскоўцы» Падлескага СДК. Усё, як рабілі нашы мудрыя продкі, загадваючы на добры жніўны вынік.
І першы зажыначны сноп – як гарант усяго ўраджаю – уручылі   кіраўніку раёна Аляксандру Камінскаму. Першы зрэзаны жніўны «букет» сёлета важкі, залацісты, шчодры на зерне. А які першы сноп, такі і ўраджай, прыкмячаюць жанчыны-жнеі.
З пачаткам жніва Аляксандр Віктаравіч павіншаваў усіх прысутных, асабліва тых, каму давядзецца штодзень выходзіць на жніўныя палеткі, – хлебаробаў. Ён пажадаў добрага надвор’я, бадзёра-энергічнага настрою механізатарам і, канешне, поўных засекаў хлеба.


Прымаў віншаванні са жніўнай нагоды дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк – гаспадар зажыначнага поля. Ён і патаптаў на добры ўраджай начаўскую ніўку.

Віншаванні з пачаткам жніва прымаў дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк.


Сёлета хлебаробам раёна належыць убраць больш за 14000 гектараў збожжа. На поле выйдуць 68 камбайнаў, нагрузка на кожны складзе амаль 210 гектараў. Жніўныя палеткі ААТ «Жарабковічы» сёлета склалі 3089 гектараў, ААТ «Шлях новы» – 2370, у СВК «Ляхавіцкі» – 1630, белданаўскія хлебныя нівы рассцілаюцца на 1690 гектарах. Начаўскія хлебаробы будуць шчыраваць на 1299 гектарах, у райаграсэрвісе – на 1287.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Старшы камбайнер Эдуард Чалядка, камбайнер Уладзімір Чубрык.