Няхай заўжды будзе сонца. Ляхавіцкі раён прыступіў да сяўбы

Ляхавіцкі раён прыступіў да сяўбы. Аднымі з першых на яравыя палеткі выйшлі працаўнікі ААТ «Нача».

Механізатары Віктар Кунцэвіч  і Раман Голя з ААТ «Нача».

Веснавая пасяўная кампанія ў гаспадарках раёна толькі разгортваецца. Недзе прайшліся культыватарам па мінулагодняй раллі, іншыя паспрабавалі, ды не «ўлезлі». Па-рознаму, паколькі і сама зямля неаднолькавая, мае адрозненне. І не толькі ад поля да поля, суседнія ўчасткі якога могуць істотна кантраставаць па ступені пасяўной гатоўнасці.


Кодавае «аўтадром» – гэта яшчэ і пра адзін з сельскагаспадарчых палеткаў ААТ «Нача». Па сутнасці, гарадская мяжа, перакрыжаванне шляхоў і «лес» апор ліній электраперадачы. У гэтым годзе поле-«аўтадром» стане яравым-аўсяным. Прыняўшы за аснову правілы  і схемы севазвароту, начаўскія раслінаводы вырашылі «за» яго і пачалі з яго ж.
Пачатак здарыўся ў аўторак з так званай аперацыі па закрыцці вільгаці. З паўтара дзясяткамі гектараў леташняй раллі начэплены на «Беларус» культыватар справіўся за адзін вытворчы дзень. Зрабіў сваю штатную справу, давыраўняў глебу і тым самым даў старт сяўбе.
На стартавым адрэзку работ механізатары Віктар Кунцэвіч і Раман Голя працавалі поруч: настройвалі складаны агрэгат на патрэбную тут і зараз норму высеву культуры.
А перад тым, як даць дарогу сейбітам (пра культыватар ужо ўзгадвалі), прайшліся зборшчыкі камянёў. Таксама і ў сотнях метраў наперадзе можна было заўважыць паглыбленага ў работу раскідвальніка мінеральных удабрэнняў.
Як адзначылі ў размове аграрыі, пасяўную кампанію найбольш складана запусціць, прызвычаіцца да яе жорсткага графіка самім і «прызвычаіць» да таго ж тэхніку. У далейшым, канешне ж, прасцей не будзе. Хоць бы таму, што ў ходзе вырашэння складаных задач простых падрадаў не бывае.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.