Не згасне агонь памяці

Якая розная і адначасова аднолькавая Свяціца сённяшняя і Свяціца ў сакавіку 1943 года. Як і тады, 80 гадоў назад, толькі-толькі распачынаецца вясна, прабліскваюць першыя сонечныя праменні, жывуць сваімі клопатамі людзі. Але ёсць адно істотнае адрозненне: цяпер над Свяціцай, як і над усёй суверэннай Беларуссю, мірнае неба, тады ж наша Айчына была акупіравана фашысцкай Германіяй.

Падчас Айчыннай вайны вораг здзекаваўся над мірнымі жыхарамі. Іх знішчалі, катавалі, рабавалі. Жорсткасць гітлераўцаў не ведала межаў. Апагеем  сталі спаленыя вёскі – больш за 9 200 населеных пунктаў Беларусі згарэлі ў бязлітасным агні Вялікай Айчыннай вайны.
А Хатынь, якую карнікі спалілі з усімі жыхарамі, стала збіральным вобразам соцень яе беларускіх сёстраў.
22 сакавіка 2023 года падчас памятнага мерапрыемства ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», прымеркаванага да 80-годдзя гадавіны хатынскай трагедыі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  адзначыў, што трагедыя Хатыні навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа. Беларусы абавязаны захаваць у гісторыі подзвіг пакалення савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму. Каб Хатынь стала месцам сілы беларускага народа.
У лёсе кожнага народа ёсць трагічныя старонкі гісторыі.
І ў памяці беларусаў назаўжды застанецца Хатынь і тысячы яе вогненных сёстраў, адны з якіх ляхавіцкая Свяціца і яшчэ 47 населеных пунктаў нашага раёна.
З году ў год у Дзень памяці жыхароў спаленых вёсак 22 сакавіка ў Свяціцы каля брацкай магілы загінулых партызанаў праходзяць мітынгі-рэквіемы, вахты памяці. І сёлета адбыўся мітынг «Мы памятаем!». Удзел у ім узялі прадстаўнікі Крывошынскага сельвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў «БРСМ», «БСЖ», «Белая Русь»,
вучні і настаўнікі Ліпскай СШ, мясцовыя жыхары – усе, каму неабыякава гісторыя краіны, у тым ліку і трагічная.
Да 80-годдзя хатынскай трагедыі на Ляхавіччыне, як і па ўсёй краіне, быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Беларускі саюз жанчын ініцыяваў акцыю «Агонь Памяці». Прадстаўніцы гэтага грамадскага аб’яднання ў кожным раёне на фоне помнікаў спаленым вёскам з запаленай лампадкай запісалі відэазвароты пра тое, якім болем адгукаецца і сёння хатынская трагедыя. Актывісткі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» каля брацкай магілы ў вёсцы Свяціца запісалі відэазаклік і выказалі сваё абурэнне зверствам фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Шчымлівы сюжэт: агонь памяці з соцень спаленых беларускіх вёсачак сімвалічна перадаецца па відэаланцужку ў Хатынь.
Ва ўсіх навучальных установах прайшоў адзіны ўрок памяці «Па кім звоняць званы Хатыні». Так, у СШ № 2 урок памяці правялі ў свяшчэнным месцы – музеі баявой і працоўнай славы, дзе размешчана вялікая тэматычная экспазіцыя. Асабліва ўражвае стэнд з картай, дзе ўказаны ўсе населеныя пункты раёна, спаленыя фашыстамі, і колькасць загінулых жыхароў. У Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча такія ўрокі прайшлі ва ўсіх класах, удзельнічалі ў іх і рабяты з атрада міратворцаў. У Крывошынскай СШ імя Г. С. Зда-
новіча гутарка з рабятамі суправаджалася віртуальнай экскурсіяй у мемарыяльны комплекс «Хатынь», можна было паслухаць успаміны Іосіфа Камінскага – адзінага дарослага, які выжыў у той трагедыі. Таксама школьнікам расказалі пра рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу і пра хатынскі музей. У Ляхавіцкім аграрным каледжы навучэнцаў і выкладчыкаў запрасілі на памятную сустрэчу, а памочнік пракурора раёна Яўгеній Вількоўскі расказаў пра расследаванне Генеральнай пракуратуры па факце генацыду беларускага народа. У Тухавіцкім СДК гледачам прадэманстравалі тэматычны міні-спектакль пра спаленыя вёскі.
22 сакавіка ў 12 гадзін па ўсёй Беларусі кожны жадаючы мог далучыцца да рэспубліканскай акцыі – хвілінай маўчання ўшанаваць памяць пра ахвяраў трагедыі ў Хатыні – усіх забітых і закатаваных, спаленых і расстраляных у гады Вялікай
Айчыннай вайны.

Галіна КАНЬКО.