Што дрэнна коласу – добра кукурузе. У сельгасарганізацыях Ляхавіцкага раёна працягваецца ўборка кукурузы на зерне

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Мікалай Навумік

Непараўнальны з сезонам мінулага года збор збожжа каласавых культур аграрыі імкнуцца кампенсаваць за кошт кукурузы ў той ці іншай ступені.

Так, 2021 год выдаўся далёка не самым хлебным. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна – і Ляхавіччына ў тым ніякі не унікум – адчувальна не дабралі збожжа каласавых. Тое ж па Брэстчыне: абласны збожжавы вал атрымаўся прыкладна на дзесяць працэнтаў больш нізкім, чым у мінулым годзе.
З-за надвор’я кожны хлебны гектар страціў у сярэднім сем-восем, а то і больш цэнтнераў ураджаю.
Што дрэнна коласу – добра пачатку. Не факт, канешне, але іменна такая думка не дае спакою, гледзячы сёння на спелыя кукурузныя палеткі раёна. І «зялёныя», да якіх «Ляхавіцкі веснік» звяртаўся ў мінулым нумары на прыкладзе ААТ «Шлях новы», і зерневыя, на якіх засяродзімся сёння.
Кукурузу на сілас сельгасарганізацыі раёна ўбіраюць дастаткова даўно і па-рознаму актыўна. На зерне – прыступілі не ўсе і толькі на гэтым тыдні. Забойшчыкамі выступілі «Жарабковічы», і першыя дні вынікі работы абнадзеілі рэальна і дастаткова. Першыя абмалочаныя плошчы далі больш за сотню цэнтнераў «залатога» зерня з гектара. Залатога не ў сэнсе цаны на яго – гэтага не ведаем, а гледзячы на тое, як яно золатам «выцякае» з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля-адвозчыка ў промнях усё яшчэ яркага сонца і моцнага ў той дзень ветру. Апошні, як бачылася, дзьмуў таксама на карысць аграрыяў: на кароткім шляху ад выгрузнога шнэка да аўтамабільнага кузава вецер паспяваў сабраць і ўнесці з сабой лёгкае смецце, шалупінне.
З выхадам на канюхоўскі кукурузны палетак,  а іменна ва ўгоддзях чацвёртага вытворчага ўчастка выконваліся ў той дзень уборачныя работы, жарабковіцкія аграрыі спяшаліся нетаропка. Павялічаная вільготнасць прадукту нікому не патрэбна, а дадатковая цягам нейкай часіны вытрымка кукурузы на корані, ды яшчэ ва ўмовах сённяшняга сонца і ветру гарантуе работу ў больш «лайтовым» рэжыме зернеачышчальнага сушыльнага комплексу. Момант, важны з пункту гледжання і эканомікі,  і эканоміі часу, які ў календары аграрыяў усё яшчэ працягвае заставацца «гарачым». Не грэх чарговы раз нагадаць: уборка цукровых буракоў, кукурузы на сілас і зерне, завяршэнне азімай сяўбы збожжавых сельгаскультур, уздым зябліва. І гэта толькі самы мінімальны пералік асенніх падрадаў у сельскай гаспадарцы.

Іван КАВАЛЕНКА.