Адзін лёс на дваіх. Гэта пра Галіну і Алега Зыранавых з Ляхавіцкага раёна

Месца і час чарговай сустрэчы даўняя сяброўка раёнкі Галіна Зыранава выбрала сама.
– Хачу крыху пападарожнічаць, паглядзець, што змянілася ў Ляхавічах. Ведаю, што ў нашым райцэнтры ёсць лаўка з бясплатным вай-фаем. Давайце сустрэнемся там, – патлумачыла яна свой выбар.

У прызначаны час «веснікаўцы» спяшаюцца на спатканне. Галя здалёк ветліва махае рукой. І сэрца напаўняецца адчуваннем чагосьці светлага і ўзнёслага – такія ўражанні заўсёды застаюцца пасля стасункаў з ёю, адначасова безабароннай і мужнай, якая, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, не згубіла радасці да жыцця.

Апошняя сустрэча (размовы па тэлефоне ці зносіны праз інтэрнэт не лічацца) з Галінай і Алегам Зыранавымі адбылася амаль год назад падчас літаратурнай вечарыны ў нашай купалаўцы. Што новага ў іх жыцці, як настрой, якія задумы і здабыткі? Галя, як заўсёды, шчырая:


Амаль месяц я ў творчым водпуску, ліпень стаў для мяне перазагрузкай. Часова выключыла са свайго жыцця любыя стасункі ў сацыяльных сетках, і гэта абсалютна ўзважаны крок. Лічу неабходным своечасова пераключацца з віртуальнага свету на рэальнасць. Так што цяпер цалкам засяроджана на сваім унутраным свеце, спасцігаю яго. 

А да водпуску яна гадзінамі прападала ў інстаграме, дзе мае старонку і больш за 300 падпісчыкаў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Англіі, Італіі, Францыі. У жанры «жывое пісьмо» друкавала (і будзе прадаўжаць) там сваю «Вялікую кнігу адзіноты», дзе ёсць усё: перажыванні, пачуцці, роздумы, погляды, расповяды – словам, яе жыццё.

– Кожны, хто заходзіць на маю старонку, знаходзіць нешта для сябе. Некаму проста спадабалася фота, іншы захапіўся творчасцю, хтосьці прачытаў паміж радкоў пра сябе. Цудоўна! Людзі атрымліваюць тое, у чым яны адчуваюць патрэбу. Я пішу кнігу, а кніга піша маё жыццё, – расказвае Галіна.

Дарэчы, гэта ўжо другая яе інтэрнэт-кніга, першая мела назву «Неба на зямлі».

Алег, які заўжды побач, нават тады, калі заняты сваімі справамі, толькі загадкава ўсміхаецца. У гэтай усмешцы і радасць, і гонар, і захапленне сваёй Галінкай, і бязмежнае каханне.

Мінулай восенню Зыранавы пачыналі працаваць мадэратарамі на адной з вядомых у краіне інтэрнэт-платформаў. Галя, натура творчая, якой не сядзіцца на адным месцы доўга, хутка страціла інтарэс да такой манатоннай справы. А вось Алег, як і належыць мужчыне, вытрыманы, настойлівы і надзейны, працуе і сёння.

– Безумоўна, цяжкавата на працягу васьмі гадзін не адыходзіць ад манітора камп’ютара. Але цяпер гэта мая работа. Затое потым сапраўдны кайф атрымліваю, калі ў гаражы майструю сваю «старушку» – 25-гадовы «Опель-Астра». Часу хапае і Галі дапамагчы з хатнімі справамі, – расказвае Алег.

Перш, чым выпусціць у свет свой чарговы твор – ці то кніжную старонку, ці фотаздымак – Галіна спачатку пакажа мужу. Так і ён: чарговы рамонтны штрых – абавязкова на суд жонкі. З бляскам і цеплынёй у вачах Галіна расказвае, як загарэлася ідэяй купіць фотаапарат. На пытанне мужа «які?» адказала адным словам: …фіялетавы. Сказана-куплена. Алег, канешне, улічыў пэўныя параметры, і, калі ласка, каханая, атрымлівай сваю фіялетавую мару.

Сёлетні ліпень для Зыранавых стаў знакавым. Галіну з яе фотаздымкамі запрасілі на «Дзень беларускай вышыванкі» ў Баранавічы:

– Упершыню падзялілася творчасцю з незнаёмымі людзьмі. Так, у мяне нямала сустрэч з землякамі. У Ляхавіцкім раёне нас ведаюць, дзякуючы ў тым ліку і «Ляхавіцкаму весніку». А тут новыя знаёмствы, мноства ўражан-няў – здорава! Дарослыя і дзеці, маладыя і сталыя падыходзілі, глядзелі фотаздымкі. Гэта дае такое натхненне!

Выстава падкінула Галіне новую ідэю. Чаму б не паспрабаваць перанесці фотаздымкі на сувенірную прадукцыю (кружкі, майкі, талеркі) і потым прадаваць яе?

Наогул, наша гераіня не стамляецца марыць. І, як сама гаворыць, мара ідзе наперадзе – у гуках, фарбах, эмоцыях. А Галя імкліва спяшаецца за ёй і спа-дзяецца, што нават самае патаемнае жаданне абавязкова збудзецца, бо ў кожнага чалавека ёсць, няхай і далёка схаваныя, рэсурсы, здольныя нерэальнае зрабіць рэальным.

Галіна КАНЬКО.