Двойчы тысячнікі. На рахунку экіпажа з ААТ «Жарабковічы» за 2000 тон з раённага каравая-2019

2000 тон зерня (а па стане на пятніцу – 2052 тоны) намалаціў экіпаж уборачнай машыны з ААТ «Жарабковічы» ў складзе старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка і камбайнера Івана Мацюшэнкі. Павіншаваць хлебаробаў з важкім вытворчым поспехам, падзякаваць за працу, пажадаць усяго найлепшага на рабоце і дома ў поле прыехаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, які ўручыў героям дня Падзяку кіраўніка раёна і падкрэсліў:
– Наш раён з’яўляецца лідарам вобласці па ўраджайнасці. А вы – лепшыя ў раёне.

Ушанаванне доўжылася лічаныя хвіліны. І вось ужо героі жніва з новымі «прафсаюзнымі» кепкамі на галаве ледзь ці не подбегам заспяшаліся да сваёй машыны. Галаўныя ўборы, каштоўныя падарункі, ведамасная сімволіка, падзячныя лісты – ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, старшыня якой Ірына Чура пажадала механізатарам новых поспехаў, і не толькі на хлебнай ніве.

Двухтысячны намалот стаў рэальнасцю яшчэ ўвечары мінулай нядзелі на жніўным палетку ЗАТ «Белпрампрыбор», куды экіпаж са сваім камбайнам прыбыў на дамамогу пасля завяршэння ўборачных клопатаў на роднай жарабковіцкай ніве. А пасля «Жарабковіч» і да «Белпрампрыбора» камбайнеры адпрацавалі яшчэ адну «камандзіроўку» – на збожжавых палетках падсобнай гаспадаркі кансервавага завода.

ФАКТ. На Брэстчыне 301 экіпаж камбайнераў намалаціў больш за 1000 тон збожжа, у тым ліку на хлебнай ніве шчыруюць пяць тандэмаў двухтысячнікаў. Сярод іх і нашы Андрэй Дзянішчык і Іван Мацюшэнка. У Ляхавіцкім раёне 19 экіпажаў перасягнулі тысячную мяжу па намалоце, тры экіпажы намалацілі больш за 1500 тон хлеба.

Іван КАВАЛЕНКА.