Футбольнага поля «ягады». Спартыўны фестываль у Ляхавічах стаў сапраўдным сямейным святам /абноўлена/


У мінулыя выхадныя вярнулася лета. Разам з футболам, дакладней – святам гульні нумар адзін, чым яшчэ больш расквеціла яркімі фарбамі фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я». Праект па папулярызацыі свайго віду спорту Беларуская федэрацыя футбола рэалізуе па ўсёй краіне чацвёрты год запар. Сёлета на Брэстчыне разам з Кобрынскім, Жабінкаўскім, Пінскім раёнамі права правесці фестываль атрымала і Ляхавіччына.

11 жніўня, стадыён «Колас» – свежапастрыжаны, падзелены на палі-квадраты. Кож- нае – са сваімі варотамі, пад мэтавую катэгорыю ігракоў. Самыя вялікія «рамкі» абаранялі і штурмавалі каманды ў складзе футбалістаў-татаў, меншыя прызначаліся для жаночых і падлеткавых спартыўных дружын. Яшчэ адну катэгорыю каманд фарміравалі «юніёры», якім 10 гадоў і менш і для каго аб’ектам атакі з’яўляліся вароты хакейнага памеру. Дарэчы, іменна самыя маленькія ўдзельнікі фестывалю паказвалі найбольш шчыры футбол: ярка радаваліся ўласнаму і каманднаму поспеху, не хавалі эмоцый. А характэрны для свайго ўзросту недахоп футбольнага майстэрства кампенсавалі вялікім стараннем. У кожнай каманды – свая адметнасць дзеянняў, свая мэтавая аўдыторыя балельшчыкаў. А паглядзець было на што і на каго.

Ляхавіцкі варыянт сямейна-футбольнага фестывалю сабраў пад сваімі сцягамі каля чатырох дзясяткаў сем’яў: гараджан, аграгара- джан, вяскоўцаў. Усіх удзельні- каў – ад самага малога да самага вялікага – асацыяцыя БФФ «апранула» ў гульнявыя футболкі, якія засталіся кожнаму ў якасці падарунка напамінам аб фестывальна-футбольным дні і стымулам не забывацца пра гульню нумар адзін і ў далейшым. Тым больш, што яшчэ адным падарункам стаў футбольны мяч, які кожнай сям’і-ўдзельніцы фестывалю быў прэзентаваны ад імя федэрацыі.

І хоць неаднойчы ў ходзе мерапрыемства падрэсліваўся святочна-фестывальны фармат праекта «Тата, мама, я – футбольная сям’я», любая спартыўная дзея ўтрымлівае элемент спаборніцтва. На фінішы каардынатары фэсту ў асобе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба назвалі лепшыя футбольныя сем’і. У выніку скрупулёзных падлікаў першая прыступа п’едэстала дасталася сям’і Цяльпук, «сярэбранай» стала сям’я Малевіч, замкнула прызавую тройку сям’я Бусько. Віншаванні пераможцам, падзяка ўсім удзельнікам і напамін, што наперадзе ў нашых прызёраў удзел у рэспубліканскім фестывалі-свяце «Тата, мама, я – футбольная сям’я».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.