«Зарнічнае» золата патрыётаў. Раённы этап спаборніцтваў прымаў гімназічны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі

Глядзець, як юныя патрыёты хутка, зладжана, трапна выконваюць заданні спартыўна-патрыятычнай гульні «Зарніца» – сапраўдная асалода. Раённы этап спаборніцтваў прымаў гімназічны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На старт заявіліся дзевяць каманд: на зарнічнай мове – атрады юнармейцаў – члены піянерскай арганізацыі. Рабяты падрыхтаваныя і выпускаць магчымасць атрымаць перамогу не збіраліся! Тым больш, што барацьба ідзе за месца ў абласны этап.
І хоць узрост зусім юны, рабяты ужо знаёмы з сюжэтамі ваеннага жыцця, задачамі грамадзянскай абароны, асновамі бяспечнай жыццядзейнасці. Яны сёння зараджаны паказаць усё, на што здольны.
А этапаў было досыць. Інтэлектуальная віктарына «Зарніца вучыць» не стала для рабят складаным выпрабаваннем: гістарычнае мінулае Беларусі і піянерскага руху, сімволіка краіны, воінскія званні, тэхніка … – гэта тое, што ў аснове іх выхавання.
Сэрца замірала, калі на гімназічнай пляцоўцы загучалі песні ваенных гадоў пад страявы крок юнармейцаў – агляд строю і песні «Мы – праўнукі Перамогі». Усе элементы падпарадкаваны ваеннаму статуту, тым больш экзаменатар таксама чалавек у пагонах, прадстаўнік вайсковай часці 29969 Андрэй Фурс. Рэкорды ставілі юнакі і дзяўчаты падчас разборкі-зборкі аўтамата Калашнікава. Забягаючы наперад, хочацца сказаць асобна за дзяўчат: што зборка-разборка, што стральба – усё трапна, хутка, метадычна і без лішняга хвалявання. Першая медыцынская дапамога ў розных экстранных сітуацыях – без праблем раскажуць і на практыцы прадэманструюць. І традыцыйны элемент «Зарніцы» – паласу перашкод – рабяты пераадолелі з розніцай у секунды.
Таму на этапе віншаванняў і ўзнагарод зала поўнілася хваляваннямі і віншаваннямі. Бронза – у каманды «Медальён» Малагарадзішчанскай СШ і каманды гімназіі «Доблесць», серабро забраў «Спецназ» Ліпскай СШ імя А. І. Малевіча. А «зарнічнае» золата, а разам з ім гонар і адказнасць прадстаўляць Ляхавіччыну «на вобласці» скарыліся камандзе «Патрыёт» Востраўскай СШ. Хутчэй за ўсіх на этапе разборкі-зборкі АК-47 праявілі сябе Мацвей Панфіла і Лізавета Шадура з гімназіі. Самыя трапныя юнармейцы спартакіяды – Дар’я Фамінава з Ліпскай СШ імя А. І. Малевіча і Іван Саванчук з Востраўскай СШ.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.