«Санта»-клас. У Ляхавічах адкрыўся магазін «Санта» /абноўлена/

У мінулую пятніцу ляхавіцкі адрас «вуліца Інтэрнацыянальная, 11А» стаў кропкай прыцягнення для многіх жыхароў райцэнтра. Нагода – адкрыццё новага магазіна вядомай кампаніі па вытворчасці прадуктаў харчавання.

За паўгадзіны да адкрыцця тут «тусавалася» мноства людзей і была неверагодная актыўнасць руху (юных веласіпедыстаў, у прыватнасці). Дарэчы, для аматараў двухколавага транспарту ўстаноўлены велапаркоўкі, для аўтамабілістаў – свае парковачныя квадраты, якія ледзь ці не ўсе таксама былі ўжо заняты. А жадаючых стаць першымі пакупнікамі крамы станавілася ўсё больш. Гучала музыка, зоркамі, мяркуючы па колькасці жадаючых зрабіць з імі сэлфі, успрымаліся вялікія аэра-фігуры мішак.

Як і было абяцана, усё пачалося роўна ў 14. Прагучала шмат інфармацыі, што тычыцца дзейнасці кампаніі і яе фірменнага гандлю. Кожны правільны адказ на загадку ад вядучага, перамога ў конкурсным заданні адзначаліся падарункам. У якасці апошняга –
дысконтная карта крамы «Санта».

У цырымоніі адкрыцця гандлёвага аб’екта прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, які падзякаваў кампаніі за магазін, выказаў спадзяванне, што ён прыйдзецца даспадобы жыхарам мікрараёна і не толькі.

Ляхавіцкая «Санта» – гэта 400 квадратных метраў плошчы. Акрамя гандлю, у краме наладжана ўласная вытворчасць некаторых відаў гатовых страў: салаты, выпечка, піца.

Сучасны інтэр’ер, таварнае багацце, уважлівы
персанал – гэта магазін, у якім, дарэчы сказаць, працу знайшлі некалькі дзясяткаў нашых землякоў.

Іван КАВАЛЕНКА.