1 верасня Слонім — сталіца /абноўлена/

«Дарога да святыняў»

Міжнародная навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святыняў» адправілася 28 жніўня ад Свята-Духавага кафедральнага сабора ў Мінску да сталіцы Дня беларускага пісьменства – Слоніма.
Экспедыцыя – адна з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства. «Удзельнікі мерапрыемства (свяшчэннікі, пісьменнікі, вучоныя, артысты) пранясуць Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй і Загор’е-Сталовіцкі абраз Пакрова Прасвятой Багародзіцы па населеных пунктах краіны», – расказаў пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык Анатоль Бутэвіч. Канцавым пунктам экспедыцыі стане Слонім – сталіца Дня беларускага пісьменства бягучага года. 

Па традыцыі ў час экспедыцыі па населеных пунктах Беларусі з Жыватворным агнём яе ўдзельнікі праводзяць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, наведваюць бальніцы, дзіцячыя дамы. «Кожны дзень экспедыцыі даволі напружаны. Ён можа пачынацца ў пяць раніцы і заканчвацца ў дзве гадзіны ночы. І, што важна, людзі бяруць агонь на свае свечкі ад лампады, ён распаўсюджваецца па дамах, далучаючы такім чынам усіх да нашай экспедыцыі. Я спа-дзяюся, што яна будзе жыць і будзе абнаўляць духоўна дарогі Беларусі», – адзначыў Анатоль Бутэвіч.

Гісторыя і літаратура

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства 1 верасня азнаёміць з багатай гісторыяй слонімскай зямлі, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Урачыстая цырымонія адкрыцця свята пачнецца ў 12.00. Яна мае назву «Зямля мая беларуская». Гэта будзе мастацка-гістарычнае дзейства, цалкам пабудаванае на яркіх падзеях гісторыі рэгіёна, своеасаблівае падарожжа ў часе.

Кульмінацыяй свята стане ўручэнне Нацыянальнай літа-ратурнай прэміі. Закрыццё форуму адбудзецца ў 20.00. У прыватнасці, запланавана канцэртная праграма майстроў мастацтваў «Льецца песня па-над Шчарай» і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Бронзавая памяць

У Слоніме 22 жніўня ўстанавілі помнік Льву Сапегу. Скульптура ўпрыгожыла гістарычны цэнтр. Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастаментам вышэйшая за 4 метры.

Леў Сапега – значная гістарычная фігура для горада. Некалі выдавец Статута Вялікага Княства Літоўскага быў старастам старажытнага горада, пры Льву Сапегу Слонім актыўна развіваўся. За час праўлення Льва Сапегі Слонім стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Былі пабудаваны ратуша, гандлёвыя рады, цэхі рамеснікаў, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Па яго хадайніцтве ў 1591 годзе гораду было прысвоена Магдэбургскае права, дараваны герб, на якім паказаны леў, які трымае залатую стралу.

Урачыстае адкрыццё помніка запланавана ў Дзень беларускага пісьменства, які Слонім прыме 1 верасня.

ФАКТ. Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае беларускае свята. Адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фотарэпартаж Сяргея ВАРАНОВІЧА.