ЛІТАРАльнае значэнне, ці Ад «блогера» Еўлашоўскага да лірычнага Алеся Бадака

Нядаўна я атрымала шыкоўны падарунак. Але пра гэта крыху пазней, спачатку слова за слова – слова пра слова. Паслухайце, калі ласка.

Ёсць фразы аксіёмныя, іх мы паўтараем «на аўтамаце». Яны настолькі не выклікаюць сумнення, што за формай прыцішаным застаецца сэнс. Напрыклад, слова можа ўзвысіць, і слова можа забіць. Слова бывае стымулам, а бывае тормазам, прызнаннем – падманам, радасцю – і наадварот.

Мы гэта прымаем апрыёры, і не задумваемся пра першапрычыну. А яна кожнаму вядомая з першага класа, мае ЛІТАРАльнае значэнне і называецца… алфавітам, у якога, дарэчы, багатая гісторыя. У ёй у тым ліку былі: кірыліца, старадаўняя беларуская графіка, скарынінскі друкаваны варыянт шрыфту і многае іншае. І ёсць: нашы 32 літары, сярод іх не тыповае для іншых славянскіх моў ў, афрыкаты (дж і дз), апостраф.

Чаргаванне гэтых трыццаці дзвюх сябровак можа ўвасобіцца ў фантастычныя, шэдэўральныя варыяцыі: «Мой родны кут, як ты мне мілы…», «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», «Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет…», «Ты пакліч мяне, пазаві»… А вось гордае «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!». Менавіта гэты радок з верша Янкі Купалы ў наступны панядзелак стане ў школах краіны тэмай першага ўрока новага навучальнага года.

Пісьменнасць і пісьменства – у сувязі непарыўнай, перапляцення асобага, узаемапранікнення найглыбейшага. Каб лісток паперы стаў бясцэнным, на ім трэба купалавай кардыяграмай напісаць: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына»…

…Кожную раніцу іду на працу па маленькім ляхавіцкім завулку імя знакамітага земляка Фёдара Еўлашоўскага, чыё прозвішча ў назве завулка трансфармавалася ў Еўлашэўскага. Магчыма, менавіта ім, Фёдарам Міхайлавічам з далёкага ХVI стагоддзя, ягонымі першымі на Беларусі нататкамі-мемуарамі пакладзены пачатак шчодратворчай плыні тутэйшых мясцін, тутэйшых людзей. Як жа не прыгадаць гэту важную і важкую акалічнасць перад стартавай нядзеляй верасня – у ёй прапісаны Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, спадар Фёдар Еўлашоўскі, па сутнасці, з’яўляецца правобразам беларускага блогера, дзякуючы сваім мемуарам. Во як!

Наш зямляк Алесь Бадак.

Сярод сённяшніх таленавітых літаратараў і ягоныя – ляхавіцкія – нашчадкі. І ў тэму вярнуся да таго, з чаго пачынала гэтыя радкі: напярэдадні я атрымала шыкоўны падарунак, можна сказаць ідэальны, таму што лепшы падарунак, як вядома, – кніга. Трымаю ў руках «Развітанне з вечнасцю», аўтар – наш сучаснік і зямляк Алесь Бадак. Найцудоўнейшае выданне з па-бадакоўску непаўторнай паэзіяй і прозай. Проза, дарэчы, не менш паэтычная, чым самі вершы, і такая ж філасофская, як яны. Гэта споведзь, гэта сентыментальнае прызнанне (так называецца адзін з вершаў Алеся Мікалаевіча) не могуць не кранаць, і гармонія не можа застацца незаўважанай, непачутай. Ад сэрца, да сэрца і для сэрца, ад душы, да душы і для душы. Дзякуй, паэт, за магчымасць датыкнуцца да тваёй «Вечнасці», разам з табою пазнаваць свет, сумнявацца, асэнсоўваць, сцвярджаць, любіць, кахаць. А яшчэ па асацыяцыі ўспомніць-узгадаць ужо сваё, вярнуцца ў сваю вясну і свой лістапад…

У чытачоў ёсць магчымасць пераканацца ў гэтым – на 8-й старонцы сённяшняга нумара «ЛВ» у тэматычным выпуску «Аптэкі для душы» з дазволу Алеся Бадака публікуюцца ўрыўкі «Развітання з вечнасцю» – кнігі лірыкі з каментарыямі, якая выдадзена ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Вольга БАРАДЗІНА.