Пазбегнуць непрадказальнасці. Гісторыі тых, у каго быў дыягнаставаны каранавірус

Як новы год цяжка ўявіць без фільма «Іронія лёсу», так і сённяшняе жыццё, на жаль, без размоў і прагнозаў наконт COVID-19. З пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістравана звыш 214 тысяч чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус (усяго такога кшталту даследаванняў зроблена больш за чатыры мільёны). Урачы прымяняюць розныя тактыкі лячэння, вучоныя распрацавалі вакцыну і прышчэпачная кампанія пачалася ўжо ў многіх краінах свету. Беларусь не выключэнне. Бясспрэчна, пра поўную перамогу над гэтай інфекцыяй гаварыць пакуль не даводзіцца, не паспела яшчэ заціхнуць першая хваля, як тут жа пачалася другая, а прагназуюць і трэцюю.
Дарэчы, у Беларусі выздаравелі амаль 199 тысяч чалавек, у якіх дыягнаставана гэта хвароба.
«ЛВ» прапануе гісторыі землякоў (па этычных прычынах прозвішчы не ўказваем), якія перамаглі COVID-19.

Анастасія, 34 гады:
– Мая сустрэча з каранавірусам адбылася ў першую яго хвалю. У адзін з майскіх выхадных раза з сябрамі, якія прыехалі з Баранавічаў, Віцебска, Мазыра, выбралася на адпачынак на прыроду. Прыкладна праз тыдзень у мяне рэзка паднялася тэмпература цела да 38 градусаў, стала балець горла. На наступны дзень пачаўся моцны сухі кашаль. Падумала, што перасядзела на рабоце пад кандыцыянерам. Аднак, вырашыла не рызыкаваць сваім здароўем і здароўем родных і калег – пайшла ў паліклініку на прыём да ўрача. Па прычыне таго, што ў мяне падчас бескантактнага вымярэння тэмпература аказалася 37,5, адправілі ў чырвоную зону. Урач пасля агляду даў накіраванне на рэнтген лёгкіх – здымак паказаў двухбаковую пнеўманію. У гэты ж дзень мяне шпіталізавалі і адразу ўзялі аналіз на ПЦР. Вынік – дыягнаставаны COVID-19. І пачалося: кропельніцы, таблеткі, уколы, вымярэнне тэмпературы і сатурацыі, аналізы. Ляжала па некалькі гадзін на жываце, надзімала паветраныя шарыкі. У інфекцыйным аддзяленні райбальніцы пралячылася 11 дзён.
На паўторным здымку пнеўма-нія адсутнічала. Застаўся лёгкі фіброз. Яшчэ сем дзён знаходзілася на самаізаляцыі – увогуле хварэла 21 дзень.
На самаізаляцыю адправілі і мужа, у яго, праўда, не было ніякіх сімптомаў, і тэст аказаўся адмоўным. Больш за ўсё перажывала за васьмігадовую дачушку, яе адразу забралі мае бацькі. На шчасце, усё абы-шлося, дачка не захварэла.
У сярэдзіне чэрвеня я выйшла на работу, але слабасць і кашаль прысутнічалі яшчэ каля месяца. Як аказалася, адзін з нашых сяброў, з кім адпачывалі, і прывёз кавід з Віцебска. Да хваробы маску не насіла, лічыла, што маю  добры імунітэт. Памылілася. Цяпер без маскі ніяк, іншыя меры бяспекі супраць інфекцыі таксама выконваю.

Сяргей Мікалаевіч, 45 гадоў:
– Прастудай і рознымі рэспіраторнымі інфекцыямі я амаль ніколі не хварэў, хіба толькі ў дзяцінстве. Вяду здаровы лад жыцця, раніцай у абавязковым парадку займаюся зарадкай, люблю катацца на веласіпедзе, зімой, калі ёсць снег, не адмаўляю сабе ў задавальненні пахадзіць на лыжах, люблю плаваць, нават у палонцы на Хрышчэнне акунаюся – загартоўваюся, адным словам. Налягаю на натуральныя вітаміны: яблыкі, лімон, журавіны,ківі, часнок, цыбуля.
Як аказваецца, усё нездарма, і мой імунітэт моцны. Адкуль такая ўпэўненасць? Усё даволі проста тлумачыцца. У лістападзе мяне запрасілі быць хросным бацькам. Вырашыў на ўсякі выпадак зрабіць платны тэст на ПЦР, ён паказаў, што ў мяне адсутнічае на даны момант COVID-19. Падстрахаваўся, здаў кроў на антыцелы. Вынік здзівіў: у мяне прысутнічаюць імунаглабуліны G . Урач, да якога
звярнуўся за кансультацыяй, патлумачыў, што калі ў крыві выяўляюцца толькі IgG (у мяне паказала лічбу 82), гэта пацвярджэнне таго, што пацыент хварэў каранавірусам, але ўжо выздаравеў, і ў яго сфарміраваўся пэўны імунітэт да гэтай інфекцыі. Таксама ўрач дадаў, што я перахварэў хутчэй за ўсё бессімптомна. Дзякуй за гэта майму імунітэту. Буду і далей прапагандаваць здаровы лад жыцця, прытрымлівацца мер прафілактыкі: нашу маску, абавязкова мыю рукі з мылам ці апрацоўваю антысептыкам, стараюся менш бываць у месцах, дзе шмат людзей. Нехта скажа, чаго хвалявацца, перахварэў ужо. Аднак, рэгіструюцца і паўторныя выпадкі захворвання.

Алена Васільеўна, 59 гадоў:
– Яшчэ мінулай вясной, як толькі пачыналася ўся гэта пандэмія, дужа хвалявалася за сябе, бо 20 гадоў хварэю цукровым дыя-
бетам, а гэта рызыка цяжкага цячэння каранавіруса і большая верагоднасць ускладненняў. Таксама хвалявалася і за мужа (ён сардэчнік), дзяцей і ўнукаў. Таму ў магазін заўжды хадзіла толькі ў масцы і пальчатках. Дома часта дэзынфіцыруючымі сродкамі апрацоўвала паверхні, дзвярныя ручкі. На рабоце старалася менш кантактаваць з калегамі, да мінімуму звяла стасункі з сяброўкамі і суседкамі. Лічу, што, дзякуючы ўсім мерам перасцярогі ў першую хвалю і не падхапіла каранавірус. На жаль, COVID-19 мяне ўсё ж не абмінуў. Спачатку прапаў нюх. Раніцай заварыла каву і не адчула знаёмы водар. Чула, што калі сумняваешся, трэба панюхаць воцат. Так і зрабіла, вынік той жа – нічога не адчула. Тэмпература цела днём была 37,1, а вечарам – амаль 39. Толькі тады выпіла таблетку парацэтамолу. Плюс да ўсяго балела ўсё цела, залажыла нос і крыху казытала ў горле. На наступны дзень карціна паўтарылася, а вечарам да іншых сімптомаў дабавіўся кашаль і стала моцна балець у грудзях. Вырашыла больш не здзекавацца над сваім арганізмам, хваробу не зацягваць і на наступны дзень выклікала на дом урача. Медыкі прыехалі ў першай палове дня, паслухалі, памералі тэмпературу, спецыяльным прыборам – сатурацыю, якая паказала лічбу 96, сказалі, што такі паказчык добры. Узялі мазок на ПЦР, а таксама аналіз крыві. Адкрылі бальнічны ліст. Праз некалькі дзён патэлефанавалі і паведамілі, што тэст на COVID-19  станоўчы. Зноў прыехалі медыкі, прызначылі лячэнне, якое я, дарэчы, выконвала поўнасцю. Таксама сказалі ў абавязковым парадку, як і раней, прымаць прызначаныя лякарствы супраць цукровага дыябету. На самаізаляцыю пасадзілі і мужа, у яго каранавірус таксама пацвердзіўся. Прычым трапіў у бальніцу з запаленнем лёгкіх, нават быў на кіслародзе, але, дзякуй богу і ўрачам, паправіўся. Тэмпература трымалася ў мяне чатыры дні. Усяго на бальнічным была 14 дзён. Бралі кроў на антыцелы, сказалі, што ў мяне ёсць М і G. Пасля хваробы прызначылі піць вітаміны і параілі не пераахалоджвацца. Каранавірусам хварэць вельмі цяжка, так што насіце маску і мыйце рукі.

Гэта каранавірусныя гісторыі людзей розных узростаў і прафесій. Але іх аб’ядноўвае тое, што яны перамаглі хваробу. А яшчэ кожны выказаў агульнае меркаванне: інфекцыя складаная і непрадказальная. Галоўны контраргумент супраць яе – прафілактыка і выкананне ўсіх мер перасцярогі.