Ляхавіччына:40 нашых землякоў падчас восеньскага прызыву папоўняць армейскія рады

40 нашых землякоў падчас сёлетняга восеньскага прызыву папоўняць армейскія рады, 4 чалавекі будуць прызваны на службу ў рэзерве. Прызыўная кампанія, якая стартавала яшчэ ў жніўні, зараз падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння: закончыла работу медыцынская камісія, прайшоў планавы адбор прадстаўнікамі воінскіх часцей.
Па словах начальніка групы прызыву Ляхавіцкага райваенкамата Аляксандра Байчыка, у раёне большасць юнакоў прызыўнога ўзросту здаровыя і годныя да службы ва Узброеных Сілах.
Дарэчы, сёлета адбыліся значныя змяненні ў медыцынскім адборы будучых салдатаў. З 1 жніўня са спіса захворванняў, па якіх юнакі лічацца непрыгоднымі для вайсковай службы, выключаны гіпертанія 1-й ступені і язва страўніка. На адтэрміноўку цяпер не могуць разлічваць і маладыя людзі, якія пакутуюць скаліёзам 2-й ступені. Змяніўся тэрмін адтэрміноўкі з года да 6 месяцаў для маладых людзей, якім пастаўлены дыягназ «пралапс мітральнага клапана». Яны могуць несці службу там, дзе меншыя фізічныя нагрузкі: у войсках сувязі, тылавых, тэхнічных, зенітна-ракетных, супрацьпаветранай абароны. Для службы ў пагранічных войсках, унутраных, сілах спецыяльных аперацый патрабаванні да здароўя намнога вышэйшыя.
— Тэрміновую ваенную службу нашы навабранцы будуць несці ў сухапутных войсках механізаванай брыгады г. Слоніма, Брэсцкай асобнай мабільнай брыгадзе, унутраных войсках у Мінску і Мінскай вобласці, 85 брыгадзе сувязі і зенітна-ракетнай брыгадзе ў Баранавічах, войсках супрацьпаветранай абароны, — расказвае Аляксандр Байчык.
30 кастрычніка павесткі будучым абаронцам Айчыны ўручыла новы старшыня прызыўной камісіі Святлана Юрлевіч. 18 лістапада першыя 11 прызыўнікоў будуць адпраўлены ў вайсковыя часці рэспублікі.
Сёння яны проста юнакі, якіх чакае курс маладога байца, а заўтра — сапраўдныя мужчыны, выконваючыя ганаровы абавязак перад Радзімай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *