Лепш добраахвотна

У мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне ўзбуджана 12 крымінальных спраў па фактах незаконнага абароту зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, сёлета – пяць. Так, грамадзянін купіў не менш за тры ўзрывацелі ручных гранат, якія незаконна насіў, перавозіў і захоўваў, а потым падарыў іх знаёмаму. Яшчэ адзін аматар зброі сам вырабіў кінжал і таксама выкарыстаў яго ў якасці падарунка.
Некаторыя грамадзяне працягваюць супрацьзаконную практыку. Максімальнае пакаранне за злачынства, прадугледжанае артыкулам 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – пазбаўленне волі тэрмінам на 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Крыміналам лічыцца і падробка, наўмыснае знішчэнне маркіроўкі агнястрэльнай зброі; незаконны выраб ці збыт газавай, пнеўматычнай, халоднай зброі; неналежнае захоўванне зброі яе законным гаспадаром; стварэнне ўмоў для выкарыстання зброі іншай асобай, што пацягнула за сабой смерць чалавека па неасцярожнасці ці нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання.
За незаконнае нашэнне ці перавозку газавай,
пнеўматычнай ці кідальнай зброі пагражае адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры ад 8 да 10 базавых велічынь з канфіскацыяй ці без канфіскацыі зброі. Калі ж аналагічныя дзеянні ўчынены паўторна на працягу года – гэта ўжо крымінальная адказнасць. Штраф ад 10 да 30 БВ можна заплаціць за незаконнае набыццё, перадачу, захоўванне, перавозку, перасылку ці нашэнне паляўнічай і агнястрэльнай гладкаствольнай зброі ці боепрыпасаў да яе.
У мэтах супрацьдзеяння незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, паляпшэння крымінагеннай сітуацыі, звязанай з іх прымяненнем, з 21 кастрычніка па 10 лістапада на тэрыторыі Брэстчыны праводзяцца мерапрыемствы па добраахвотнай здачы грамадзянамі няўлічанай зброі, боепрыпасаў.
Калі здаць зброю добраахвотна, можна пазбегнуць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Пра жаданне добраахвотна здаць, а таксама факты незаконнага захоўвання, месцы знаходжання зброі можна паведаміць па тэлефоне 102.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ, начальнік ААПП РАУС.