Хвароба нізкай культуры. Дыягназ туберкулёз упершыню пастаўлены васьмі жыхарам Ляхавіцкага раёна

А вы сёлета прайшлі флюараграфію? Такое пытанне задаю ўсім сваім суразмоўцам. Тым, хто адказвае адмоўна, раю неадкладна гэта абследаванне зрабіць, каб не прапусціць каварны туберкулёз

Гэта хвароба па-ранейшаму застаецца распаўсюджанай і наносіць значную шкоду здароўю насельніцтва і страты эканоміцы краіны. На жаль, датычыцца праблема і Ляхавіцкага раёна, дзе захворванне на туберкулёз перавышае абласны паказчык больш чым удвая. Трывожная сітуацыя разглядалася на чарговым пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы, што створаны пры райвыканкаме.
Сёлета за дзевяць месяцаў захворванне ў нашым раёне склала 32,2 выпадка на 100 тысяч насельніцтва (па вобласці – 14,1). У гэтым годзе дыягназ упершыню пастаўлены васьмі жыхарам раёна, з іх шасцёра мужчын і дзве жанчыны, палова – пенсіянеры, 37,5 працэнта – гараджане. На момант выяўлення хваробы толькі адзін з іх працаваў.
У свеце штогод на туберкулёз хварэе каля дзевяці мільёнаў чалавек, чатыры мільёны памірае ад яго. У зоне рызыкі найперш дзеці, пажылыя, хто прымае лякарствы, якія паніжаюць імунітэт, курыльшчыкі, тыя, хто злоўжывае алкаголем, наркаманы, людзі, якія жывуць у антысанітарных умовах, носьбіты СНІДу. Заразіцца можна паветрана-кропельным шляхам ад хворага на туберкулёз чалавека пры працяглым кантакце з ім. Туберкулёз не перадаецца ад вылечанага чалавека, а таксама праз прадметы, да якіх дакранаўся хворы.
Мікрабактэрыя, больш вядомая пад назвай палачка Коха, трапляе ў аслаблены арганізм і выклікае ачаг запалення ці адразу некалькі. Палачка Коха надзвычай трывалая, яна не баіцца холаду, не гіне ў спірце і растворы кіслаты, можа захоўвацца шмат гадоў у зямлі. У вадзе бактэрыя захоўваецца да 100 дзён, у вулічным пыле –
да 10 сутак. А вось хлорку і сонца гэта палачка не любіць, пад доўгатэрміновым уздзеяннем сонечных промняў гіне.
Асноўным метадам выяўлення туберкулёзу з’яўляецца рэнтгенфлюараграфічнае абследаванне. Установы аховы здароўя Ляхавіцкага раёна ў дастатковай колькасці забяспечаны спецыяльнымі ўстаноўкамі для абследавання насельніцтва.
На якія сімптомы павінен звярнуць увагу чалавек? Кашаль з макротай ці крывёй, млявасць, хуткая страта вагі, начная ліхаманка, патлівасць, частае сэрцабіцце, задышка, павелічэнне лімфатычных вузлоў.
Туберкулёз – гэта не праблема навукі, гэта праблема нізкай культуры. Нельга разлічваць, што з’явіцца чароўная таблетка, якая адразу справіцца з каварнай хваробай. Таму паклапаціцеся пра сваё здароўе загадзя. Нялішнімі будуць наступныя меры прафілактыкі. Часцей мыйце рукі, асабліва пасля таго, як прыйшлі дадому; падтрымлівайце чысціню ў доме, адмоўцеся ад шкодных звычак – курэння, злоўжывання алкаголем; правільна харчуйцеся, часцей бывайце на свежым паветры і абавязкова штогод рабіце флюараграфію.

Таццяна МАЛЯР, урач-фтызіятр Брэсцкага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера.