Асфальтаваны падыход. Звароты: вырашана станоўча. Камфортныя і ўтульныя асфальтаваныя падыходы да пад’ездаў атрымалі жыхары дома № 24 па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах

Камфортныя і ўтульныя асфальтаваныя падыходы да пад’ездаў. Такую зручнасць жыхары дома № 24 па вуліцы Арлоўскага
ў Ляхавічах атрымалі днямі

Справа ў тым, што ў 2018 годзе гэтыя прыдамавыя тэрыторыі былі забетанаваны. Але з цягам часу дарожкі пачалі рассыпацца. Падыход ператварыўся ў «вясковую» сцяжынку, якая ў дажджлівае надвор’е псавала абутак і настрой жыльцоў дома. Каб вырашыць набалелае пытанне, у чэрвені яны звярнуліся ў райвыканкам з калектыўнай просьбай паспрыяць, у тым ліку, і ўладкаванню падыходаў да пад’ездаў.
Зварот быў адрасаваны да выканання ў жылкамунгас. І вось атрымаў станоўчы вынік – заяўнікі задаволены.
– Цяпер падыходы да пад’ездаў зручныя. І раніцай (калі яшчэ не развіднела), і ўвечары будзе бяспечна выйсці з дому. Няхай і не так хутка, як мы хацелі, але ўсё зроблена. Просьба жыльцоў дома не засталася нявыслуханай і незаўважанай, – гаворыць жыхарка дома Людміла Сіліцкая.
А вось пытанне з капітальным рамонтам намеснік дырэктара камунгаса па вытворчасці Віталій Калупановіч пракаментаваў так:
– У плане капітальнага рамонту жыллёвага фонду Ляхавіччыны да 2023 года гэты адрас не значыцца. Аднак, у наступную «капітальную» пяцігодку камунальнікі плануюць уключыць і гэты дом.  А па многіх астатніх пытаннях, што датычаць іншых рамонтных момантаў, жылкамунгас будзе яшчэ працаваць.

Як адзначыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч падчас прамой тэлефоннай лініі і прыёму жыхароў рэгіёна ў Баранавіцкім райвыканкаме 29 кастрычніка, дробных пытанняў на асабістых прыёмах грамадзян не бывае.
«Кожны чалавек прыходзіць са сваёй сітуацыяй, у якую ён трапіў у сілу розных прычын. І вельмі важна ні ў якім разе не падыходзіць фармальна да абмеркавання гэтых пытанняў, таму што часам радавы выпадак выводзіць на сур’ёзную праблему, якую трэба вывучаць больш глыбока і дэталёва», – адзначыў памочнік Прэзідэнта.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.