У добры шлях, прызыўнікі!

Гэтым часам тэрміновую вайсковую службу праходзяць 120 нашых землякоў. Калі ўсіх іх умоўна паставіць у адзін строй, атрымаецца поўнакамплектная рота. Многія з гэтых маладых людзей, хто выслужыў свае законныя год-паўтара, хутка будуць звольнены ў запас. А іх месца ў вайсковым страі зоймуць юнакі прызыву «восень-2019».
А пакуль – дзень прызыўніка, які напярэдадні выхадных прайшоў у гарадскім Доме культуры. Урачыстая цырымонія праводзінаў юнакоў на вайсковую службу паспела ўжо зацвердзіцца ў асноўных традыцыях нашых землякоў. Гэты кранальна-хвалюючы момант жыцця маладых людзей прыходзяць раздзяліць іх родныя, сябры, знаёмыя, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый.
Падчас гэтай прызыўной кампаніі месца ў вайсковым страі зоймуць каля паўсотні нашых маладых землякоў. Хлопцы атрымалі станоўчае заключэнне медыцынскай камісіі, прайшлі псіхалагічны адбор і гутарку з прадстаўнікамі вайсковых часцей. Большасць навабранцаў ідзе на службу з жаданнем, а выконваць ганаровы абавязак ляхавіцкія прызыўнікі будуць у розных часцях Узброеных Сіл краіны, структурах Дзяржкамітэта пагранічнай службы, МУС. Першая адпраўка да месца службы адбудзецца ўжо  18 лістапада.
З наказам да прызыўнікоў, словамі прывітання ў адрас прысутных у зале родных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай прызыўной камісіі Святлана Юрлевіч, начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксандр Байчык, першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава, маці будучага воіна Зоя Багдановіч. Ад імя прызыўнікоў слова трымаў Максім Дыдышка.
Безумоўна, спадабаліся зале музычныя віншаванні. Прызыўнікі пакідалі ГДК з павесткамі ў кішэні, якія асабіста кожнаму ўручыла старшыня прызыўной камісіі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.