Гандбалісткі Ляхавіцкай ДЮСШ сталі лепшымі ў Слоніме, пацвердзілі свае ўменні падчас дамашняга турніру

Каманда і яе трэнер.

Адзін за адным два «імянныя» юнацкія гандбольныя турніры прайшлі ў гэтым месяцы. У Слоніме Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў адкрытым рэспубліканскім спаборніцтве на прызы Уладзіміра Рысіка сабраліся каманды дзяўчынак школ па ручным мячы са Шчучына, Зельвы, Ваўкавыска, канешне ж, сланімчанкі і, як стала зразумела яшчэ ў ходзе турніру, будучыя пераможцы — каманда Ляхавіцкай ДЮСШ. З самага старту і далей у кожным наступным матчы ляхавічанкі мелі відавочную перавагу, былі яўнымі фаварыткамі. 19:5, 14:5 і з таму падобным лікам на сваю карысць завяршалі нашы зямлячкі свае сустрэчы. Нічыйных зыходаў, тым больш пройгрышаў дзяўчынкі на турніры не дапусцілі. Перамаглі з абсалютным вынікам і вярнуліся дамоў з галоўным прызам спаборніцтваў.
Працяг здарыўся прыкладна праз тыдзень у родных сценах. Выступаючы на гэты раз у ролі гаспадароў адкрытага турніру «Кубак Заслужанага майстра спорту Святланы Жыхаравай», 12-13-ці гадовыя ляхавічанкі зноў паказалі клас: па чарзе былі «біты» равесніцы з Брэста, Баранавіч, Слуцка, Маларыты і Шчучына. 5 гульняў — 5 перамог: і Кубак Святланы Жыхаравай у яе зямлячак.
Лепшым іграком спаборніцтваў прызнана ўдзельніца каманды-пераможцы Ірына Равяка.
Акрамя Іры, перамогі ў Слоніме і на дамашняй арэне пад кіраўніцтвам трэнера Аксаны Лойка здабывалі Таццяна Бурчыц, Васіліна Сокал, Кацярына Булатая, Паліна Шастак, Ганна Барыскіна, Кацярына Галіцкая, Валерыя Лойка, Дзіяна Кенік, Таццяна Матчэня, Алёна Трызна, Дар’я Буйкевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *