«Рабіць дабро так проста!»- дэвіз дабрачыннага марафону «Калядны падарунак», які праходзіць на Ляхавіччыне

Кожнае дзіця мае патрэбу ў клопаце і дапамозе. Але ёсць асаблівыя дзеці, якім патрэбна павышаная ўвага, — рабяты з парушэннямі слыху, зроку, мовы, інтэлектуальнага і фізічнага развіцця і г.д. Сёння на Ляхавіччыне такіх асаблівых — 554 хлопчыкі і дзяўчынкі.

У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі навучаюцца і выхоўваюцца дзеці з цяжкімі ці множнымі парушэннямі ў развіцці. Для таго, каб і яны мелі магчымасці для паўнацэннай жыццядзейнасці, неабходна стварыць безбар’ернае асяроддзе — спецыяльна абсталяваныя пад’язныя шляхі, пандусы, пад’ёмнікі, поручні, рэабілітацыйнае абсталяванне. На жаль, пакуль у будынку ЦКРНіР гэтага няма, хаця ўсё, што магчыма было зрабіць уласнымі сіламі, тутэйшыя супрацоўнікі ўжо зрабілі. Цяпер яны запрашаюць усіх сваіх землякоў дапамагчы будаваць безбар’ернае асяроддзе ў цэнтры. Гэта можна зрабіць падчас дабрачыннага марафону «Калядны падарунак».
Дабрачынны марафон стартаваў у панядзелак, 3 снежня, і працягнецца больш як месяц — да 5 студзеня 2013 года. Яго арганізатарамі выступілі райвыканкам, аддзел адукацыі, раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
На марафонскай «дыстанцыі» прадугледжана шмат разнастайных мерапрыемстваў. Напрыклад, ужо зараз у навучальных установах дэманструецца відэаролік «Мы розныя, але роўныя», а з наступнага тыдня пачне працаваць перасоўная раённая выстава творчых работ дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Свет асаблівага дзяцінства».
На 17 снежня запланавана афіцыйнае адкрыццё марафону — ужо вядомай ляхавічанам па мінуламу году акцыяй «Жаданне ў далоньцы». Любы жадаючы зможа стаць сапраўдным Дзедам Марозам для рабят, якія займаюцца ў ЦКРНіР, і падарыць рэчы, што дапамогуць зрабіць хлопчыкаў і дзяўчынак больш шчаслівымі. Як і летась, елачка з дзіцячымі жаданнямі размесціцца ў магазіне «Аліса».
Акрамя таго, дабрачынныя акцыі «Залатое сэрца» і «Рабіць дабро так проста» будуць праводзіцца ў будынку Дома Саветаў (21 снежня), у магазінах «Усходні» (24 снежня) і «Верас» (28 снежня). У праграме марафону таксама забаўляльная праграма для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў райбальніцы (21 снежня), навагодні ранішнік для рабят з цяжкімі і множнымі парушэннямі (26 снежня), калядныя сустрэчы ў ЦКРНіР (4 студзеня).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *