Ляхавіцкія спартсмены прынялі ўдзел у міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы

Міжнародны турнір па лёгкай атлетыцы памяці Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Карбышава, што тыдзень таму завяршыўся ў Брэсце, стаў ужо 55-ым па ліку. З’яўляецца адным са старэйшых, мае глыбокія традыцыі і высокі рэйтынг. Нязменна, з года ў год, як расказаў трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка, збірае моцны склад удзельнікаў не толькі з Беларусі, але і краін рознадалёкага замежжа. На гэты раз на дарожкі і ў сектары лёгкаатлетычнага манежа выходзілі юныя спартсмены з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Славакіі. Беларусь была прадстаўлена сталіцай, усімі абласнымі гарадамі, тымі з райцэнтраў, якім ёсць што і каго паказаць у нейкім з відаў каралевы спорту. Ляхавічы паказвалі бег. Неаднаразовы пераможца і прызёр розных далёка не раённага маштабу спаборніцтваў Уладзіслаў Марціновіч, не ўтойвае Андрэй Іванюценка, збіраўся ўжо «завязаць» з бегам, пасля летняга перапынку не меў намеру працягваць трэніровачную работу. Пачаў са спазненнем, і за нейкіх паўтара-два месяцы трэніровак выйшаў на нядрэнны ўзровень падрыхтоўкі, вярнуў, як мінімум, свае былыя кандыцыі. Мемарыял Карбышава, дзе Уладзіслаў перамог на дыстанцыі ў 2 тысячы метраў і заняў 3 месца на 600-метроўцы, стаў яркім таму пацвярджэннем. Ці не служыць гэты прыклад падставай для сумнення ў абсалютнай справядлівасці меркавання, што вяртацца — дрэнная прыкмета?
Разам з Уладзіславам Ляхавічы на спаборніцтвах прадстаўляў Кірыл Максімовіч. Да прызоў у спрынце юнак не дабег зусім крыху, фінішаваў у пяцёрцы лепшых ці прыходзіў блізка да гэтай пазіцыі. Што, пры ўзроўні той канкурэнцыі, зусім нядрэнна.
Але ж ляхавіцкая прысутнасць на спаборніцтвах была больш шырокай і больш паспяховай. Ангеліна Сліва, Аляксей Буйкевіч і Максім Падзіна пачыналі ў Ляхавічах, у мясцовай ДЮСШ. Паказалі сябе перспектыўнымі атлетамі, чым заслужылі права прадоўжыць сваю спартыўную і агульную адукацыю ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. І той факт, што на мемарыяле Карбышава прадстаўлялі Брэст, а не Ляхавічы, не падстава не ўзгадаць і не парадавацца іх удалым выступленням. Максім выйграў спаборніцтвы ў штурханні ядра і кіданні дыска, а Аляксей у спартыўнай хадзьбе на 5 тысяч метраў перасёк фінішную рысу трэцім.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *