Першая чвэрць. Герб горада Ляхавічы гэтымі днямі адзначыў 25-годдзе

Кожны горад мае сваю гісторыю, тое, чым ганарацца і трапятліва берагуць многія пакаленні яго жыхароў. Нашым Ляхавічам за паўтысячагоддзя.  У ХV стагоддзі на гэтых землях размяшчаўся адзін з самых магутных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы як Ляхавіцкая фартэцыя. Менавіта яе выява і гісторыя натхнілі на стварэнне Ляхавіцкага герба, які гэтымі днямі адзначае 25-годдзе. Аўтарам герба лічыцца Уладзімір Кузьміч, тагачасны старшыня гарвыканкама. Увасобіць ідэю яму дапамог мастак-графік Сяргей Чарановіч. Уладзімір Васільевіч даўно захапляецца гісторыяй, асабліва роднага краю, адзначае, што ідэя ўзнікла напярэдадні святкавання 500-годдзя горада.

– Для мяне галоўнае было паказаць гістарычнае багацце нашага раёна, адлюстраваць на гербе тое, з чым асацыяваліся б Ляхавічы. Словам, зрабіць герб сапраўднай візітоўкай горада, – успамінае Уладзімір Кузьміч.

У адной з кніг ён убачыў гравюру з Ляхавіцкай фартэцыяй, якая і стала ў выніку галоўнай дзеючай фігурай герба. Кожная дэталь прадум-валася так, каб герб можна было «прачытаць», каб ён расказваў пра асаблівасці нашага раёна.

Дарэчы, герб не заўсёды быў такім, якім мы прывыклі бачыць яго сёння. Першапачаткова ён быў шматкаляровы: светла-зялёны і светла-аранжавы. Колеры па задумцы сімвалізавалі размяшчэнне Ляхавічаў на мяжы марэннага і нізіннага ландшафтаў, а блакітная хвалістая паласа – знак таго, што горад стаіць на рацэ. У цэнтры – белая выява фартэцыі. Рашэннем гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 19 лютага 1992 года гэты герб быў зацверджаны. З ім горад сустрэў свой паўтысячагадовы юбілей.

У 1994 годзе Уладзімір Кузьміч звярнуўся ў дзяржаўную геральдычную службу, каб атрымаць пасведчанне аб рэгістрацыі герба. Там параілі герб трохі перайначыць у адпаведнасці з уніфікаванымі патрабаваннямі.

Колер гербавага шчыта пакінулі чырвоным, фартэцыю зрабілі трохмернай, яна стала серабрыстага колеру. Дарэчы, сучасны герб намаляваў мастак А. Леўчык. 26 снежня 1994 года новы герб быў зацверджаны. З ім Ляхавічы жывуць да гэтага часу.

Такім чынам, нашаму гербу чвэрць стагоддзя. Па мерках іншых, якія налічваюць не адну сотню гадоў, гэта не так ужо і шмат. Але за гэты час у горадзе адбыліся значныя перамены. Будуюцца жылыя дамы, адкрываюцца новыя сацыяльныя і гандлёвыя аб’екты, рамантуюцца вуліцы, летам горад патанае ў кветках, а зімой радуе яркай ілюмінацыяй.

І няхай наш герб і далей асацыюецца толькі са станоўчымі зменамі і мірным небам над нашым горадам.

Ірына КУЗЬМІЧ.