Агні невялікага горада. У Ляхавічах падвялі вынікі агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых да іх тэрыторый

У гэтым годзе горад, як ніколі, зіхацеў рознакаляровымі агнямі, якія стваралі непаўторную атмасферу і дарылі казачны настрой. Вечарам каля некаторых будынкаў дарослыя і дзеці спецыяльна затрымліваліся, каб палюбавацца ілюмінацыяй і зрабіць сэлфі.

Навагоднія святы адгрымелі, але засталася яшчэ адна прыемная місія – узнагародзіць пераможцаў традыцыйнага штогадовага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых да іх тэрыторый. Гэтае пытанне было вынесена на абмеркаванне на апаратнай нарадзе ў кіраўніка раёна 20 студзеня.

У гэтым годзе прыняць рашэнне журы было асабліва складана: кожны падышоў да ўпрыгожвання з фантазіяй і крэатывам. Ацэньвалася не колькасць гірляндаў, а кампазіцыя ў цэлым, якая атрымлівалася з дапамогай навагодняй ілюмінацыі.

Лепшых навагодніх дызайнераў вызначалі ў пяці намінацыях: сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый, арганізацый сувязі; сярод сельскагаспадарчых арганізацый; сярод гандлёвых аб’ектаў; сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму; сярод уладальнікаў індывідуальных жылых дамоў.

У першай намінацыі журы прызнала лепшымі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», цэх газазабеспячэння і ДРБУ- 200. Завадчане ўжо не першы год уваходзяць у лік самых крэатыўных, самі ствараюць ілюмінацыю, падбіраюць упрыгажэнні стыльна і з густам.
Сярод сельскагаспадарчых аргані-зацый, па меркаванні камісіі, лепшае навагодняе афармленне ў ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі» і ДП «Нача».

ТАА «Трансэлектракамплект», магазін «Усходні» і адміністрацыйны будынак райпо сталі лепшымі сярод гандлёвых аб’ектаў.

Сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму прызавыя месцы падзялілі гарадскі Дом культуры, ЦРБ і гімназія.

Як адзначылі члены камісіі, у гэтым годзе ў аглядзе-конкурсе прынялі актыўны ўдзел уладальнікі прыватных дамоў. Асабліва вызначыўся аграгарадок Ліпск. Два прызавыя адрасы – там. Самымі крэатыўнымі прызнаныя домаўладанні Алены Пастарнакевіч і Аляксандра Хмарука з аграгарадка Ліпск, Аляксандра Азаркі з вёскі Тухавічы.

Узнагароды ў хуткім часе знойдуць сваіх герояў.

Ірына КУЗЬМІЧ.